*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Міжнародная сустрэча на тэму рэалізацыі Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” пройдзе ў Ватыкане 18-20 верасня 2014 г. На другі дзень з удзельнікамі сустрэнецца аўтар гэтага дакумента – папа Францішак. Адгартацыя з’яўляецца краевугольным каменем цяперашняй пантыфікату. Яна заклікае Касцёл да місійнага выхаду да асоб найбольш уразлівых. Мэтай ватыканскай канферэнцыі з’яўляецца стварэнне “больш выразнай дарожнай карты душпастырскіх ініцыятыў”, якія выводзяцца са зместу дакумента.

Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела заявіў, што сустрэча стане таксама форумам для абмену вопытам і тым, што ўжо было зроблена на душпастырскім узроўні. “Нашы супольнасці занадта бюракратызаваныя. Яны больш не з’яўляюцца прымаючымі людзей асяроддзямі, здольнымі да адлюстравання жыцця ў камуніі, як гэта павінна быць”, - сказаў ватыканскі іерарх. На яго думку, абавязкам кіраўнікоў каталіцкіх супольнасцяў з’яўляюцца намаганні па вяртанні такога менавіта падыходу.

Арганізатары прагназуюць, што ў запланаванай сустрэчы прымуць удзел 1500 асоб, духавенства і вернікі. Цікавасць да сустрэчы была настолькі вялікай, што прыйшлося абмежаваць колькасць яе ўдзельнікаў.

“Evangelii gaudium” (Радасць Евангелле) – гэта першая Апостальская адгартацыя папы Францішка, абвешчаная ў канцы Года Веры, 24 лістапада 2013 г. у Ватыкане. Дакумент быў вынікам пасяджэння Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі, якое праходзіла ў Рыме 7-28 кастрычніка 2012 г., падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Адгартацыя адрасавана да біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб і свецкіх. Яе тэкст падзелены на 288 пунктаў (5 раздзелаў). Тут разглядаюцца такія пытанні, як: рэформа Касцёла ў пачатку місійнага выхаду, спакусы тых, хто ўдзельнічае ў душпастырстве, евангелізацыя, сацыяльная інтэграцыя бедных, мір і сацыяльны дыялог, духоўная матывацыя для місійнага ўдзелу.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх