*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Святы Айцец нагадаў аб гадавіне пачатку Першай сусветнай вайны і тых мільёнах смерцяў і велізарных разбурэннях, якія яна прынесла. 27 ліпеня 2014 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра Папа ўзгадаў, што яго папярэднік, Бэнэдыкт XV, назваў гэты канфлікт “бессэнсоўнай бойняй”, якая пасля чатырох доўгіх гадоў скончылася зыбкім мірам. Святы Айцец выказаў надзею, што, памятаючы гэту трагічную падзею, свет не будзе паўтараць памылкі мінулага, прыме ўрокі гісторыі і будзе спрыяць мірнаму і мужнаму дыялогу. Пантыфік прызнаўся, што яго асаблівую заклапочанасць выклікаюць “тры крызісных рэгіёны”: Блізкі Усход, Ірак і Украіна. “Я прашу, каб вы працягвалі лучыцца са мной у малітве, каб Пан мог даць народам і ўладам гэтых рэгіёнаў мудрасць і сілу, неабходныя для спрыяння шляху міру, ставячыся да кожнага абвінавачвання з цвёрдасцю дыялога, перамоў і сілай прымірэння”, - сказаў Пантыфік. “У цэнтры кожнага рашэння павінны стаяць не асабістыя інтарэсы, але агульнае дабро і павага да кожнага чалавека”, - дадаў ён. “Браты і сёстры – ніколі больш вайны!”, - звярнуўся Папа і заклікаў канфліктуючыя бакі: “Прашу вас, спыніцеся!”.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх