*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Папа Францішак наведае ў 2015 г. Шры-Ланку і Філіпіны. Аб гэтым было абвешчана афіцыйна 29 ліпеня 2014 г. Візіт ў Шры-Ланку адбудзецца 12-15 студзеня, а на Філіпіны 15-19 студзеня. Пантыфік анансаваў гэта падарожжа яшчэ 26 мая 2014 г., выступаючы перад журналістамі на борце самалёта падчас зваротнага шляху са Святой Зямлі ў Рым. Чакаецца, што на Філіпінах Папа наведае раёны, пацярпелыя ад тайфуна Хаян, які прайшоў праз краіну ў пачатку лістапада 2013 г. і забраў больш за 5 тыс. жыццяў. Гэта быў самы моцны ў гісторыі метэаралогіі цыклон, які прыйшоў на мацярык. Аб тым, што Пантыфік можа наведаць раёны, пацярпелыя ад тайфуна, гаварыў у студзені 2014 г. філіпінскі арцыбіскуп Джон Ду пасля сустрэчы з старшынёй Папскай рады „Cor Unum”, кардыналам Раберам Сара, які знаходзіўся на Філіпінах. У сваю чаргу, візіт Папы ў Шры-Ланку будзе спрыяць нацыянальнаму прымірэнню пасля збройнага канфлікту паміж таміламі і сінгаламі, які працягваўся з 1983 па 2009 гг. Таксама мясцовы Касцёл мае надзею на кананізацыю бл. Джозэфа Ваза, які быў беатыфікаваны св. Янам Паўлам II падчас яго візіту ў Шры-Ланку ў 1995 г.

Дакладная праграма другога пасля Паўднёвай Карэі азіяцкага падарожжа папы Францішка будзе апублікавана пазней, паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх