*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Папа Францішак пастаянна нагадвае, што калі хрысціянін сапраўды хоча быць блізкі да Бога, абавязкова павінен стаць тым, хто ўмее і жадае служыць іншым, паколькі прымае іх такімі, якія ёсць, звярнуў увагу дырэктар рымскай “Caritas”, кс. Энрыка Ферочы. Другая рэч, да якой пастаянна заклікае Пантыфік, дадаў кіраўнік каталіцкай дабрачыннай арганізацыі, гэта ўвага хрысціян да сваіх братоў у цяжкія для іх моманты. Гаворка ідзе пра людзей, у якіх вялікія жыццёвыя праблемы: беспрацоўе, адсутнасць дома і ежы. Але перш за ўсё, Францішак заклікае да ўвагі да іншых. Сёння людзі маюць патрэбу быць заўважанымі. Сучаснаму хрысціяніну трэба проста расплюшчыць вочы і стаць уважлівым да брата, убачыць, што адбываецца ў яго жыцці. На думку святара, папа Францішак паказвае прыклад для ўсіх дабрачынных структур Касцёла – ніколі не адпачываць у дапамозе іншым, заўсёды быць уважлівымі і гатовымі, паколькі ў любы момант можа спатрэбіцца ваша дапамога.

Кіраўнік рымскай “Caritas” перакананы, што дабрачынная дзейнасць мае таксама адукацыйны аспект, паколькі дзяленне тым, што ў цябе ёсць з іншымі, развівае твой чалавечы патэнцыял любові і не дае забыцца пра фундаментальны абавязак хрысціяніна жыць для братоў.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх