*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Праз тры месяцы пасля сваёй пілігрымкі на Блізкі Усход, папа Францішак накіруецца ў яшчэ адзін крызісны рэгіён свету – на Карэйскі паўвостраў. Непасрэднай прычынай яго трэцяй замежнай паездкі з 13 па 18 жніўня 2014 г. стане ўдзел у 6-ых Днях азіяцкай моладзі. Падчас свайго паўднёвакарэйскага візіту Пантыфік не наведае, як першапачаткова гаварылася, так званую “38-ю паралель”, якая практычна з’яўляецца мяжой паміж Паўднёвай і Паўночнай часткамі краіны. Але да гэтага часу застаецца надзея, што некаторыя члены невялікай каталіцкай супольнасці камуністычнай краіны змогуць узяць удзел у св. Імшы з удзелам Папы 18 жніўня 2014 г. у Сеуле. Дырэктар Папскіх місійных ініцыятыў у Паўднёвай Карэі Джон Боска Біён паведаміў агенцтву “Fides”, што католікі Паўночнай Карэі былі запрошаны яшчэ ў маі. Прадстаўнікі паўднёвакарэйскіх каталіцкіх супольнасцяў пасля нядаўняй сустрэчы ў Кітаі з паўночнакарэйскімі католікамі паведамілі, што скарэй за ўсё будзе дазвол на ўдзел апошніх у папскім набажэнстве. Чакаецца, што Папа скіруе заклік да міру на Карэйскім паўвостраве. Францішак, гэта другі Пантыфік, які едзе ў Карэю.

Па афіцыйных дадзеных уладаў, у Паўночнай Карэі няма “мясцовых хрысціян”. Аднак, паводле ацэнак міжнароднай хрысціянскай ініцыятывы “Open Doors” (Адчыненыя дзверы), якая падтрымлівае кантакт з хрысціянамі ў Паўночнай Карэі, у камуністычнай краіне іх колькасць складае ад 200 тыс. да 400 тыс., з якіх больш за 50 тыс. інтэрнаваныя ў працоўныя лагеры. Каталіцкі тэолаг і эксперт па Азіі Георг Эверс ў 2010 г. у артыкуле для часопіса “Herder-Korrespondenz” заяўляў пра ўсяго каля 3 тыс. католікаў у краіне; да вайны іх было каля 50 тыс.

Нядаўна арцыбіскуп Сеула, кардынал Андрэс Ём Су-чжун завяршыў свой гістарычны візіт у Паўночную Карэю. Ён разам з католікамі з Паўднёвай Карэі сустрэўся з асобамі, якія працуюць у спецыяльнай памежнай эканамічнай зоне у Кэсон.

Нягледзячы на забарону вызнавання любой рэлігіі, моцны пераслед і небяспечную вайсковую абстаноўку некалькі місійных манаскіх супольнасцяў вядуць сваю, у асноўным гуманітарную, дзейнасць у Паўночнай Карэі. Так, прымас-абат Ноткер Вольф, кіраўнік бэнэдыктынскай канфедэрацыі, паведаміў, што Ордэн бэнэдыктынаў актыўна дзейнічае на Поўначы. “Мы можам зрабіць у гуманітарнай сферы шмат, і ўлады Паўночнай Карэі цалкам гатовыя пагадзіцца нават на гуманітарную дапамогу”, сказаў а. Вольф у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Мэтай бэнэдыктынаў з’яўляецца будаўніцтва касцёльнай бальніцы і паліклінікі. Брат Алоіс, настаяцель экуменічнай супольнасці у Тэзэ, таксама заявіў, што яму ўдалося дапамагчы жахарам Паўночнай Карэі. Разам з моладдзю з Тэзэ ён сабраў сродкі на медыцынскае абсталяванне і інструменты, якія затым былі адпраўлены ў Паўночную Карэю.

Пасля Карэйскай вайны 1950-1953 гг. краіна падзелена. На сённяшні дзень няма мірнай дамовы. Акрамя таго, адносіны ў апошнія месяцы пагоршыліся.

У Паю, недалёка ад мяжы з Паўночнай Карэяй, нядаўна быў пабудаваны касцёл, які павінен стаць “сімвалам міру і паяднання” паміж двума Карэямі. Так мяркуе паўднёвакарэйскі епіскапат. Планаваны першапачаткова візіт Папы ў Паю не быў уключаны ў афіцыйную праграму.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
 
Наверх