*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***



Албанскімі біскупамі быў прадстаўлены лагатып візіту Святога Айца ў Тырану, які адбудзецца 21 верасня 2014 г., паведамляе ватыканская газета “L’Osservatore Romano”. У яго аснове знаходзіцца стылізаваная выява чалавека, які ўздымаецца з крыві і ўзносіць увышыню рукі, у адной з якіх трымае крыж. Гэты вобраз, павінен сімвалізаваць “хрысціянскі народ, які паўстае з крыві мучанікаў і працягвае крочыць з крыжам, у якасці штандара”. Лагатып мае асаблівае значэнне ў кантэксце падарожжа ў Албанію, бо менавіта ў гэтай краіне камуністычнымі ўладамі здзейсняўся адзін з самых жорсткіх пераследаў хрысціян у Еўропе ў мінулым стагоддзі. Кроў на выяве сімвалізуе ахвяру, сведчанне і боль, не толькі святых, але ўсіх людзей: веруючых і няверуючых, якія пакутавалі ад рэпрэсій, растлумачыў каардынатар падарожжа Святога Айца ў Албанію Альберт Нікола.

Над выявай чалавека на лагатыпу, змешчаны дэвіз “Разам з Богам да надзеі, якая не расчаруе”, у якім акцэнт зроблены на слове “разам”, што прадугледжвае заклік да супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі на карысць адраджэння краіны.

Альберт Нікола распавёў, што падрыхтоўка да першага “еўрапейскага” падарожжа папы Францішка ўжо ідзе дзякуючы актыўнаму ўдзелу соцен валанцёраў з усёй Албаніі. “Сапраўды, многія працуюць з вялікая радасцю і запалам”, адзначыў ён. Албанскі каардынатар пілігрымкі Святога Айца адзначыў, што і мясцовыя ўлады таксама прыкладаюць усе намаганні, каб візіт прайшоў найлепшым чынам і спецыяльна для гэтай мэты стварылі адпаведную камісію. “Паміж дзяржаўнай камісіяй і камісіяй Каталіцкага Касцёла існуе супрацоўніцтва і выдатная гармонія”, - адзначыў ён.

Падарожжа Святога Айца ў Албанію будзе доўжыцца ўсяго адзін дзень – 21 верасня 2014 г. Пантыфік здзейсніць візіт да Прэзідэнта краіны, сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў, узначаліць св. Імшу на плошчы імя Маці Тэрэзы, спаткаецца з мясцовым епіскапатам, лідэрамі іншых рэлігій і канфесій, дзецьмі, правядзе малітву Нешпараў з духавенствам.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх