*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Касцёл адзіны і святы – гэта сцвярджэнне з Сімвала веры было ў цэнтры катэхезы папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 27 жніўня 2014 г. Выслухаць навучанне Пантыфіка сабраліся каля 10 тыс. пілігрымаў і жыхароў Рыма. Звяртаючыся да іх, Папа патлумаўчы, што Касцёл з’яўляецца “адзіным”, таму што паходзіць ад Святой Тройцы – таямніцы адзінства і поўнай еднасці; а “святым” – бо быў заснаваны Хрыстом, натхнёны Яго Святым Духам, напоўнены Яго любоўю і збаўленнем. “Ён святы, але ў той жа час складаецца з грэшнікаў – усіх нас, якія кожны дзень сустракаемся з уласнай слабасцю і беднасцю. Такім чынам, вера, якую вызнаём, падштурхоўвае нас да навяртання, да мужнасці штодзённага жыцця адзінствам і святасцю, бо калі не з’яўляемся адзінымі і святым – дык гэта таму, што не з’яўляемся вернымі Езусу”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус шмат маліўся аб адзінстве сваіх вучняў – у тым ліку ў такія важныя момант, як Апошняя вячэра і чуванне ў Аліўным садзе.

“Як цудоўна ўсведамляць, што Пан, перад самай смерцю, не клапаціўся пра сябе, але думаў пра нас! І ў сваім сумным дыялогу з Айцом, маліўся менавіта аб тым, каб мы былі адно з Ім і паміж сабой. Вось: праз гэтыя словы Езус стаў нашым заступнікам прад Айцом, каб мы таксама маглі ўвайсці ў поўнае адзінства любові з Ім; у той жа час, Ён даверыў іх нам, у якасці свайго духоўнага запавету, каб адзінства заўсёды станавілася адметнай рысай нашых хрысціянскіх супольнасцяў і самым цудоўным адказам, калі хто-небудзь спытае аб прычынах надзеі, што ёсць у нас”, - сказаў Папа.

Заклік Хрыста да адзінства, паводле Францішка, Касцёл імкнуўся споўніць ад самага пачатку свайго існавання. Досвед, аднак паказвае, што здзейсняецца шмат грахоў супраць адзінства: гаворка ідзе, як пра схізмы, так і пра звычайныя “парафіяльныя грахі”, да якіх можна аднесці пляткарства. “Часам, нашы парафіі, пакліканыя быць месцамі падтрымкі і адзінства, смутна пазначаны зайздрасцю, рэўнасцю і антыпатыяй”, - сказаў Святы Айцец.

“Так здараецца, калі мы ставім сябе на першае месца; калі ставім у цэнтр сябе, свае асабістыя амбіцыі, сваю манеру глядзець на рэчы, калі асуджаем іншых; калі глядзім на недахопы братоў, а не на іх заслугі; калі надаем больш вагі таму, што раздзяляе, а не таму што аб’ядноўвае. Аднойчы, у адной з дыяцэзій, у якіх мне даводзілася быць раней, я пачуў цікавы і цудоўны каментар. Гаворка ішла пра пажылую жанчыну, якая ўсё жыццё працавала ў парафіі. Адна асоба, якая яе ведала добра, распавяла: “Гэта жанчына ніколі не казала кепска ні пра каго, ніколі не пляткарыла, заўсёды мела на твары ўсмешку”. Так ведзь, гэта жанчына можа быць кананізавана ўжо заўтра! Такі вось цудоўны прыклад!”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што перад абліччам падзелаў у хрысціянскіх супольнасцях, кожны вернік павінен правесці сур’ёзны рахунак сумлення: ці не спрыяў гэтым падзелам.

“У хрысціянскіх супольнасцях, падзелы – гэта адзін з самых цяжкіх грахоў, таму што робіць іх знакам дзейнасці не Бога, але д’ябла, які па сваім вызначэнні, з’яўляецца тым, хто падзядляе, разбурае адносіны, сее забабоны. Падзелы ў хрысціянскай супольнасці – ці то ў школе, ці ў парафіі, асацыяцыі, паўсюль – гэта цяжкі грэх, бо з’яўляюцца дзейнасцю д’ябла. Бог жа хоча, каб мы ўзрасталі ў здольнасці да адкрытасці, прабачэння, любові, каб станавіліся ўсё больш падобнымі на Яго, які сам – адзінства і любоў. У гэтым заключаецца святасць Касцёла: пазнаваць сябе ў вобразе Божым, напоўным Яго міласэрнасцю і ласкай”, - адзначыў Пантыфік.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 27 жніўня Касцёл адзначае ўспамін св. Монікі, маці св. Аўгустына. Ён заклікаў моладзь углядацца ў яе прыклад, каб заўсёды ставіць Бога на першае месца ў жыцці; хворых – каб з верай перажываць пакуты; а маладых сужонкаў – каб выхоўваць дзяцей па-хрысціянску.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Фотаальбом з Агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом Францішкам: vk.cc/2UJGjU
 
Наверх