*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Абудзіцца і дзейнічаць заклікаў папа Францішак каталіцкую моладзь азіяцкага кантынента, з якой сустрэўся 17 жніўня 2014 г. Святы Айцец узначаліў заключную Эўхарыстыю VI Дзён азіяцкай моладзі, якая адбылася на тэрыторыі старажытнага замка Хэмі – месца памяці пра смерць шматлікіх карэйскіх мучанікаў за веру. Паводле Францішка, тэма сёлетняй сустрэчы, “Хвала мучанікаў ззяе над вамі!”, дае важнае ўказанне. Азіяцкая моладзь з’яўляецца спадкаемцай вялікага сведчання, вельмі каштоўнага вызнання веры ў Хрыста. Заклік “узняцца”, такім чынам – гэта заданне, адказнасць, перакананы Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што азіяцкі кантынент, багаты філасофскімі і рэлігійнымі традыцыямі, застаецца мяжой для сведчання аб Хрысце. “Як моладзь, якая не толькі жыве ў Азіі, але з’яўляецца дзецьмі гэтага кантынента, вы маеце права і абавязак прыняць поўны ўдзел у жыцці сваіх грамадстваў. Не бойцеся несці мудрасць веры ва ўсе сферы грамадскага жыцця!”, - заклікаў Пантыфік.

Папа Францішак заклікаў каталіцкую моладзь Азіі з дапамогай веры ўдасканальваць і ачышчаць прыгожую і цудоўную спадчыну азіяцкіх традыцый. “Будзьце здольнымі бачыць тое, што з’яўляецца сумяшчальным з вашай хрысціянскай верай, што супрацьлеглае жыццю ласкай атрыманай з хростам, а таксама аспекты сучаснай культуры, якія з’яўляюцца грэшнымі, сапсутымі і вядуць да смерці”, - сказаў Папа.

Гаворачы пра асаблівасці маладога ўзросту, Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат, з дапамогай Хрыста, перамяняць свой натуральны аптымізм ў хрысціянскую надзею, энергію – у маральныя цноты, а добрую волю – у сапраўдную любоў, здольную на ахвяраванне.

“Вы не толькі частка будучыні Касцёла, але з’яўляецеся неабходнай і любімай часткай яго цяперашняга! Заставайцеся ў адзінстве, каб будаваць Касцёл больш святы, больш місійны і пакорны, Касцёл, які любіць і шануе Бога, намагаючыся служыць бедным, самотным, хворым і маргіналізаваным”, - заклікаў Пантыфік.

На заканчэнне літургіі, было абвешчана месца правядзенне наступных Дзён азіяцкай моладзі, якім стане Інданэзія ў 2017 г. Пасля заканчэння сустрэчы папа Францішак на верталёце вярнуўся ў Сеул.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
Фотаальбом са Свтой Імшы: vk.cc/2T1eFE

    
 
Наверх