*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


23 жніўня 2014 г. папа Францішак прывітаў і благаславіў удзельнікаў штогадовай “Сустрэчы дзеля сяброўства паміж народамі”, якая традыцыйна праходзіць у італьянскім Рыміні. У спецыяльным пасланні, падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам падкрэсліваецца, што першая частка тэмы сёлетняга форума – “Да перыферый свету і існавання. Лёс не пакінуў чалавека ў самоце” – асабліва блізкая Святому Айцу. Для яго перыферыі існуюць не толькі ў геаграфічным сэнсе, але і ў экзістэнцыяльным: гэта і таямніца граху, болю, несправядлівасці, неадукаванасці і адсутнасці веры, ведаў, розныя формы беднасці. Хрысціянін не павінен баяцца выходзіць на перыферыі, бо мае ў сваім сэрцы Езуса Хрыста. “Ён нас вызваляе ад страху; у Яго кампаніі мы можам спакойна праходзіць праз любыя месцы, у тым ліку праз самыя цёмныя моманты жыцця, ведаючы, што куды б не пайшлі, Пан заўсёды будзе нас апярэджваць сваёй ласкай, а нашай радасцю будзе дзяленне з іншымі добрай навіной пра Яго прысутнасць з намі”, падкрэсліў Папа.

У прывітальным пасланні Святога Айца адзначаецца, што людзі наша часу падвяргаюцца вялікай рызыцы жыцця індывідуалістычным, ізаляваным смуткам, нават пасярод вялікай колькасці спажывецкіх дабротаў, пазбаўленымі якіх застаюцца многія іншыя члены грамадства. Часта дамінуюць стылі жыцця, якія прыводзяць да пакладання надзеі на эканамічную бяспеку, уладу або выключна зямны поспех. Таксама і хрысціяне падвяргаюцца гэтай рызыцы. “Відавочна, – сцвярджае Святы Айцец – што ў некаторых месцах з’явілася духоўнае “апустыньванне” – плён праекту грамадства, якое жадаюць будаваць без Бога”. Але гэта не павінна весці да роспачы: у пустыні зноў адкрываецца каштоўнасць таго, што самае важнае ў жыцці – Евангелля Езуса Хрыста.

Папа Францішак даў удзельнікам “Сустрэчы” два каштоўныя ўказанні: першае – ніколі не губляць сувязі з рэальнасцю, а другое – пастаянна глядзець на самае важнае. Самыя цяжкія праблемы ўзнікаюць, калі хрысціянскае пасланне ідэнтыфікуецца з другаснымі аспектамі, якія не выказваюць самой сутнасці паслання. Такім чынам перад сучаснымі вернікамі стаіць заданне пошуку новых формаў перадачы вечнай навізны хрысціянства і адкрытасці на іх. “Таксама і тут трэба быць рэалістамі. “Часта лепш запаволіць шлях, адставіць у бок трывогу, каб глядзець у вочы і слухаць, або адмовіцца ад тэрміновага, каб суправаджаць тых, хто застаўся на ўзбочыне дарогі”, - гаворыцца ў пасланні Святога Айца.

“Сустрэча дзеля сяброўства паміж народамі” пройдзе ў італьянскім Рыміні 24-30 жніўня 2014 г. Па традыцыі ў ёй прымуць удзел прадстаўнікі розных культур і рэлігій: палітыкі, эканамісты, філосафы і акцёры, спартсмены і іншыя вядомыя публічныя асобы. Падчас форума адбываюцца дыскусіі, паказы спектакляў і фільмаў, праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы мэта якіх заключаецца ў спрыянні сяброўству і міру паміж людзьмі.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх