*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


“Ахвяраваць Пану сваю веру – бедную, але шчырую, – каб Ён мог працягваць будаваць свой Касцёл”, заклікаў папа Францішак вернікаў 24 жніўня 2014 г. перад традыцыйнай малітвай “Анёл Панскі”. Як і кожную нядзелю Пантыфік звярнуўся да пілігрымаў з вакна Апостальскага палацу Ватыкана. “Евангелле гэтай нядзелі (Мц 16,13-20) з’яўляецца цудоўным урыўкам, цэнтральным у апавяданні Мацвея, у якім Сымон, ад імя Дванаццаці, вызнаў сваю веру ў Езуса, як “Хрыста, Сына Бога Жывога”; а Езус назваў Сымона “шчаслівым”, дзякуючы гэтай веры, прызнаючы ў ёй асаблівы дар Айца, і нарэшце кажучы яму: “Ты Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой”, – адзначыў папа Францішак. – Спынімся на адзін момант менавіта на гэтым фрагменце, на наданні Хрыстом новага імені Сымону: “Пётр”, якое на мове Езуса гучала як “Кefa”, што азначае “скала”. У Бібліі паняцце “скала” адносіцца да Бога. Езус жа аднёс яго да Сымона не за ягоныя якасці ці чалавечыя заслугі, але за яго сапраўдную і моцную веру, атрыманую звышыні.

Езус адчуваў у сваім сэрцы вялікую радасць, бо ўбачыў ў асобе Пятра руку Божую, дзейнасць Святога Духа. Убачыў, што Бог Айцец даў Сымону “безадмоўную” веру, на якой Ён сам, Езус, можа пабудаваць свой Касцёл, гэта значыць сваю супольнасць – усіх нас. Езус меў на душы жаданне даць жыццё “свайму” Касцёлу, народу, які б больш не быў заснаваны на паходжанні, але на веры, можна сказаць на адносінах з Ім, адносінах любові і даверу. Нашы адносіны з Езусам будуюць Касцёл. І такім чынам, каб даць пачатак свайму Касцёлу Езус меў патрэбу ў вучнях з моцнай верай, “безадмоўнай” верай. І менавіта гэта Ён павінен быў выпрабаваць на дадзеным этапе шляху.

Пан меў перад сабой вобраз будынку, калі думаў пра супольнасць, якую жадаў пабудаваць. Вось чаму, калі пачуў шчырае вызнанне веры Сымона, назваў яго “скалой” і прадэманстраваў жаданне будаваць Касцёл менавіта на гэтай веры.

Браты і сёстры, тое, што ўнікальным чынам здарылася са святым Пятром, адбываецца таксама з кожным хрысціянінам, які сталее ў шчырай веры ў Езуса Хрыста, Сына Бога Жывога. Сённяшняе Евангелле звяртаецца таксама да кожнага з нас. Як там твая вера? Няхай кожны адкажа ў сваім сэрцы. Як там твая вера? Як сябе адчувае Пан ў нашых сэрцах? Ці маем сэрца моцнае, як скала ці пясочнае, гэта значыць поўнае сумніваў, недаверу, нявер’я? Было б добра сёння падумаць пра гэта. Калі Пан знойдзе ў нашых сэрцах веру – не кажу дасканалую, але прынамсі шчырую, сапраўдную, – тады Ён убачыць таксама і ў нас жывыя камяні з якіх зможа будаваць сваю супольнасць. Фундаментальным, краевугольным і адзіным каменнем гэтай супольнасці з’яўляецца Хрыстус. Са свайго боку, Пётр, гэта скала – бачны фундамент адзінства Касцёла; але кожны ахрышчаны пакліканы ахвяраваць Пану сваю веру – бедную але шчырую, – каб Ён мог працягваць будаваць свой Касцёл, сёння, ва ўсіх частках свету.

Таксама і ў нашыя дні многія людзі думаюць, што Езус быў вялікім прарокам, настаўнікам мудрасці, прыкладам справядлівасці... І таксама сёння Езус пытаецца сваіх вучняў, гэта значыць усіх нас: “А вы кім лічыце Мяне?”. Што Яму адкажам? Давайце падумаем. Але перад усім памолімся да Бога Айца, праз заступніцтва Панны Марыі; памолімся да Яго, каб даў ласку адказаць ад шчырага сэрца: “Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога”. Гэта вызнанне веры, гэта наша “крэда”. Паўторым супольна тры разы “Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога”.

Пасля марыйнай малітвы, вітаючы пілігрымаў сабраных на галоўнай ватыканскай плошчы Францішак заклікаў не забываць маліцца за яго.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх