*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Падчас бураў Касцёл ратуюць не якасці і адвага людзей, але вера, якая дазваляе крочыць у цермы, пасярод цяжкасцяў, адзначыў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 10 жніўня 2014 г. Пантыфік заклікаў мець давер да Хрыста і памятаць пра Яго, часта схаваную, прысутнасць побач. “Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам эпізод, у якім Езус хадзіў па моры, – сказаў Папа – Пасля памнажэння хлябоў і рыбаў, Ён загадаў вучням сесці ў човен і пераплысці на іншы бераг, пакуль Ён адпусціць народ. Пасля гэтага Ён вярнуўся на гару ў самоце, каб маліцца да позняй ночы. Тым часам на моры паднялася вялікая бура, і менавіта падчас яе, Езус прыйшоў да вучняў, ідучы па моры. Калі ўбачылі Яго, вучні спалохаліся, думаючы, што Ён прывід, але Езус іх супакоіў: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся” (Мц 14, 27). Пётр, з уласцівым яму запалам, звярнуўся да Яго, амаль выпрабоўваючы: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”; і Езус сказаў: “Ідзі”. Пётр выйшаў з чоўна і пачаў ісці па вадзе; але ўбачыўшы моцны вецер пачаў тануць. Тады ён закрычаў: “Пане, ратуй мяне!” і Езус, працягнуўшы руку, выцягнуў яго.

У гэтым апавяданні цудоўна адлюстроўваецца вера апостала Пятра. У голасе Езуса, які сказаў: “Ідзі!”, ён распазнаў рэха іх першай сустрэчы на беразе гэтага самага мора, і неадкладна, яшчэ раз, пакінуў човен і пайшоў да Настаўніка. І крочыў па вадзе! Даверлівы і хуткі адказ на пакліканне Пана дазваляе рабіць рэчы незвычайныя. Сам Езус казаў, што мы здольныя рабіць цуды дзякуючы веры, веры ў Яго, у Яго слова, у Яго голас. Аднак Пётр, пачаў тануць у момант калі адцягнуў позірк ад Езуса і дазволіў нягодзе, якая яго акружала, збіць сябе з ног. Але Пан заўсёды быў побач, і калі Пётр паклікаў, Езус выратаваў яго з небяспекі. У асобе Пятра, з яго запалам і слабасцямі, апісана наша вера: заўсёды слабая і бедная, неспакойная і ўсё ж перамагаючая; вера хрысціяніна крочыць насустрач Уваскросламу Пану, пасярод бур і небяспекаў свету.

Вельмі важнай з’яўляецца фінальная сцэна. “Калі ўвайшлі ў лодку, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!”. У чоўне былі ўсе вучні, аб’яднаныя досведам слабасці, сумніваў, страху, “малавер’я”. Але калі ў гэты човен сеў Езус, атмасфера адразу змянілася: усе адчулі сябе паяднанымі верай у Яго. Усе, малыя і напужаныя, сталі вялікімі ў момант, калі кінуліся на калені і пазналі ў Настаўніку Сына Божага. Колькі разоў і з намі здараецца тое самае... Без Езуса, далёка ад Яго, адчуваем сябе напужанымі і нягоднымі: не хапае веры! Але Езус заўсёды з намі, магчыма схавана, але заўсёды прысутны і гатовы падтрымаць.

Гэта – цудоўны вобраз Касцёла: човен, які павінен праплыць праз буру і часам здаецца, што стаіць на парозе крушэння. Тое, што яго ратуе – гэта не якасці і адвага людзей, але вера, якая дазваляе крочыць у цермы, пасярод цяжкасцяў. Вера дае нам упэўненасць у заўсёды блізкай прысутнасці Езуса, Яго рукі, якая нас хапае, каб выцягнуць з небяспекі. Усе мы знаходзімся ў гэтым чаўне, і ў ім адчуваем сябе ў бяспецы, нягледзячы на нашы недахопы і слабасці. Мы знаходзімся ў бяспецы, перш за ўсё калі здольныя стаць на калені і аддаваць пашану Езусу: аддаваць пашану Езусу, адзінаму Пану нашага жыцця. Да гэтага нас заклікае заўсёды наша Маці, Маці Божая. Да яе звернемся з даверам”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак звярнуўся да вернікаў з шэрагам заклікаў, сярод якіх папрасіў аб малітоўнай падтрымцы у сувязі з маючым адбыцца 13-18 жніўня 2014 г. апостальскім падарожжам у Паўднёвую Карэю.
Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх