*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Заўсёды насіць у кішэні ці сумцы маленькае Евангелле, каб мець магчымасць штодзённа чытаць яго, – такую параду папа Францішак даў вернікаў 31 жніўня 2014 г. Звяртаючыся да сабраных на плошчы св. Пятра пілігрымаў, з нагоды нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, Пантыфік заклікаў хрысціян не жыць паводле схемаў гэтага свету, але дастасоўвацца да Хрыста, у чым дапамагае чытанне Божага Слова, малітва і ўдзел у Эўхарыстыі. “У нядзельным падарожжы з Евангеллем паводле св. Мацвея, мы падыйшлі да рашаючага моманту, калі Езус, пасля таго, як пераканаўся, што Пётр і іншыя аддзінаццаць, паверылі ў Яго, як у Месію і Сына Божага, “пачаў адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцярпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць” (16,21) – сказаў Святы Айцец. – Гэта рашаючы момант у якім праяўляецца кантраст паміж спосабам мыслення Езуса і вучняў. Пётр адразу адчуў абавязак дакараць Настаўніка, бо не мог уявіць для Месіі такога ганебнага канца. Тады Езус, у сваю чаргу, моцна дакарнуў Пятра, за тое, што ён не думаў “пра Божае, але пра тое, што чалавечае” (16,23) і без ваганняў паставіў яго на бок сатаны, спакусіцеля.

На такой пазіцыі, у сённяшняй нядзельнай літургіі, настойвае таксама апостал Павел, які пішучы хрысціянам Рыма, казаў: “Не дастасоўвайцеся да гэтага веку” – не жывіце паводле схемаў гэтага свету – “але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае” (12,2).

Сапраўды, мы, хрысціяне жывем у свеце, мы цалкам уключаны ў сацыяльную і культурную рэальнасць нашага часу, і так павінна быць; але гэта прадугледжвае рызыку пераўтварэння ў “людзей гэтага веку”, у “соль, якая страціла смак”, як бы сказаў Езус (пар. Мц 5,13) – гэта значыць у хрысціян нібыта “разбаўленых вадой”, страціўшых запас навізны, якую атрымалі ад Пана і Святога Духа. Але павінна быць наадварот: калі у хрысціянах прабывае жывая сіла Евангелля, яна можа перамяняць “крытэрыі суджэння, галоўныя каштоўнасці, сферы інтарэсаў, лініі мыслення, крыніцы натхнення і жыццёвыя мадэлі” (Павел VI, Апостальская адгартацыя “Evangelii nuntiandi”, 19). Вельмі сумна бачыць хрысціян нібыта “разбаўленых вадой”, якія нагадваюць разбаўленае віно... І тут незразумела ці гэта хрысціяне ці “людзі гэтага веку”, як незразумела ці разбаўленае віно – гэта віно або вада! Сумна гэта... Сумна бачыць хрысціян, якія больш не з’яўляюцца соллю зямлі, а мы ведаем, што калі соль губляе смак, яна больш ні на што непатрэбная. Іх соль згубіла смак, бо яны паддаліся духу гэтага свету, гэта значыць сталі “людзьмі гэтага веку”.

Таму неабходна пастаянна абнаўляцца, чэрпаючы з жыватворчых сокаў Евангелля. А як гэта можна зрабіць на практыцы? Перш за ўсё, штодзённа чытаючы і разважаючы над Евангеллем, каб слова Езуса заўсёды прысутнічала ў нашым жыцці. Памятайце: вам будзе карысна заўсёды насіць у кішэні ці ў сумцы маленькае Евангелле і чытаць кожны дзень адзін з яго урыўкаў. Заўсёды насіце з сабой Евангелле, бо так будзеце насіць з сабой Слова Езуса і мець магчымасць чытаць яго. Таксама праз удзел у нядзельнай св. Імшы – калі сустракаемся з Езусам у супольнасці, – слухаем Яго слова і атрымліваем Эўхарыстыю, якая нас яднае з Ім і паміж намі; і нарэшце, вельмі важным з’яўляецца духоўнае абнаўленне падчас рэкалекцый. Евангелле, Эўхарыстыя, малітва. Не забывайце: Евангелле, Эўхарыстыя, малітва – дзякуючы гэтым дарам Пана мы можам пачаць дастасоўвацца не да свету, але да Хрыста, і ісці за Ім па Яго шляху, шляху “страты ўласнага жыцця” дзеля яго пошуку (пар. Мц 16,25). “Страты” жыцця – у сэнсе яго дару, аддання дзеля любові і ў любові – што прадугледжвае ахвярасць, а таксама крыж – каб зноў здабыць яго ачышчаным, свабодным ад эгаізма і залогу смерці, поўным вечнасці. Панна Марыя заўсёды апярэджвае нас на гэтым шляху; дазволім ёй весці і суправаджаць нас”.

Пасля марыйнай малітвы папа Францішак прывітаў шматлікіх пілігрымаў прысутных на плошчы св. Пятра, у тым ліку ўдзельнікаў V Міжнароднай сустрэчы аб’яднання каталіцкіх парламентарыяў, якая праходзіць у Рыме. Святы Айцец заклікаў іх быць прадстаўнікамі сваіх народаў дастасоўваючы ўласную дзейнасць да евангельскіх каштоўнасцяў.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх