*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі 21 жніўня 2014 г. кардынала Фернанда Філоні, свайго спецыяльнага пасланніка ў Ірак. Пурпурат больш за тыдзень знаходзіўся ў гэтай краіне, нясучы салідарнасць Святога Айца людзям, вымушаным пакінуць родныя дамы, каб ратавацца ад насілля з боку джыхадзістаў. “Было вельмі прыемна, што Папа пажадаў прыняць мяне адразу пасля майго вяртання – гэта сведчыць аб яго перажываннях”, - адзначыў кардынал Філоні. Пантыфік яго ўважліва выслухаў і станоўча ацаніў накірункі дзейнасці мясцовага Касцёла. “Магу сказаць, што сустрэча была цудоўнай”, - прызнаўся Ватыканскаму радыё кардынал. Апавядаючы пра ўбачанае ў Іраку, пасланнік Папы, адзначыў, што першаснай патрэбай бежанцаў з’яўляецца дах над галавой і забеспячэнне вадой. Зараз у Іраку самы гарачы перыяд году, калі тэмпература паветра дасягае 47-48 градусаў, таму вада і цень, з’яўляюцца жыццёнеабходнымі, у першую чаргу для дзяцей, пажылых і хворых.

Паводле кардынала Філоні, хрысціянскія бежанцы на поўначы Іраку жадаюць, каб сітуацыя зменілася як мага хутчэй і яна маглі вярнуцца ў свае дамы. Але зараз яны мараць аб “рамяні бяспецы, па магчымасці міжнароданым”, які гарантуе ім вяртанне да нармальнага жыцця.

Многія з бежанцаў, якіх бачыў кардынал Філоні, згубілі сваіх блізкіх. Тэрырысты забілі вялікую колькасць мужчын-язідаў, жонкі і дзеці якіх засталіся самі. “Яны мелі абліччы, якія глядзелі ў пустку, згубленыя ў будучыні, зразумець сэнс якой ім не ўяўляецца магчымым. Уявіце, напрыклад, што жанчына на Блізкім Усходзе заўсёды патрабуе прысутнасці мужчыны – бацькі, брата або мужа – які з’яўляецца гарантыяй яе жыцця, паводле мясцовай культуры. Зараз, калі яна больш не мае мужчыны побач, хто паклапоціцца аб яе будучыні? Там не як на Захадзе, дзе жанчына можа пабудаваць жыццё дзякуючы ўласным здольнасцям і сілам. Такім чынам, гэта ўсё становіцца вельмі, вельмі балюча; позірк гэтых жанчын, якія сядзяць, ляжаць, абсалютна без эмоцый, пакідае вялікае ўражанне”, распавёў кардынал Філоні.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што людзі ў Іраку чакаюць дапамогі і магчымасці вярнуцца ў свае родныя дамы, каб жыць у спакоі і бяспецы.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх