*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


У рамках пяцідзённага апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю папа Францішак правёў некалькі пазапланавых сустрэч і зрабіў шэраг важных жэстаў салідарнасці з карэйскім народам. Каб прыняць удзел у VI Днях азіяцкай моладзі, у горадзе Тэджон, які знаходзіцца ў 140 км ад Сеула, ён вырашыў скарыстацца не верталётам, як планавалася раней, а хуткасным цягніком, на якім яму ніколі не даводзілася падарожнічаць раней. У гарадах Пантыфік перамяшчаўся на бюджэтным аўтамабіле маркі “KIA”. Таксама Святы Айцец карыстаўся не “класічным” папамабілем маркі “Mercedes-Benz”, а іншым, прадстаўленым мясцовым аўтавытворцам. 16 жніўня, пасля наведвання мястэчка Ккаттаннэ, Францішак быў вымушаны вяртацца ў Сеул цягніком у сувязі з моцнымі дажджамі, якія абрынуліся на Паўднёвую Карэю і зрабілі пералёт верталётам немагчымым.

Падчас сустрэчы з удзельнікамі VI Дзён азіяцкай моладзі Святы Айцец адклаў загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы і звярнуўся да юнакоў і дзяўчат спантанна, заклікаючы іх маліцца аб адзінстве Паўночнай і Паўднёвай Карэі і не баяцца сустрэцца з міласэрнасцю і прабачэннем Божым.

Вяртаючыся з Тэджона, Святы Айцец здзейніў нечаканы візіт у езуіцкі універсітэт “Саган” у Сеуле, заснаваны ў 1960 г. Незапланаванае спатканне прайшло ў цёплай, сямейнай атмасферы. Пантыфіка сустракалі апладысментамі, а сам ён заклікаў мясцовых езуітаў быць людзьмі суцяшэння: несці людзям супакой і лячыць іх раны, ведзь Касцёл, на яго думку – гэта ў пэўным сэнсе “палявы шпіталь”.

Каб выказаць салідарнасць са сваякамі ахвяраў затануўшага у красавіку 2014 г. пасажырскага парома “Севол” папа Францішак насіў на сутане маленькую жоўтую ленту. Раніцай 17 жніўня 2014 г. ён удзяліў сакрамэнт хросту бацьку аднаго з загінуўшых у катастрофе юнакоў, што не было запланавана ў праграме візіту. Абрад прайшоў у простай форме, у капліцы нунцыятуры ў Сеуле. Падчас адной з сустрэч, Святы Айцец з радасцю адказаў на нечаканую просьбу 22-гадовай дзяўчыны, якая перамагла анарэксію. Яна спытала Пантыфіка запрасіць яе на абед, і Папа адразу адказаў “так”.

Падчас пералёту паміж Італіяй і Паўднёвай Карэяй, самалёт з Рымскім Пантыфікам на борце ўпершыню ў гісторыі пралятаў над тэрыторыяй Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
Наверх