*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


15 жніўня 2014 г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі VI Дзён азіяцкай моладзі – форума на якім сабраліся каля 5 тыс. чалавек з розных краін азіяцкага кантынента. Прайшло мерапрыемства ў Тэджоне, на тэрыторыі санктуарыя Сальмоэ – месцы памяці пра карэйскіх мучанікаў за веру. Францішак адзначыў, што Хрыстус кліча моладзь да па-сапраўднаму важных у жыцці рэчаў: ісці шляхамі гэтага свету і стукаць у дзверы сэрцаў іншых, заклікаючы прыняць Хрыста ў іх. Паводле Папы, Касцёл пакліканы быць унутры Божай задумы, будаваць свет у якім усе змогуць жыць у супакоі і сяброўстве, пераадольваючы бар’еры, перамагаючы падзелы, адмаўляючыся ад насілля і забабонаў. Касцёл – гэта парастак адзінства для ўсёй чалавечай сям’і. У Хрысце ўсе народы пакліканы да адзінства, якое не знішчае адметнасцяў, але прызнае іх, прыводзіць да згоды і ўзбагачае, сказаў Папа маладым прадстаўнікаў азіяцкага кантынента.

Дух гэтага свету – далёкі ад падобнай задумы, падкрэсліў Пантыфік. Варожасць і несправядлівасць часта не толькі прысутнічаюць побач з намі, але таксама ў нашых сэрцах, сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што ідалапаклонства перад грашыма, ўладай і задавальненнямі прывабліваюць людзей, якім за гэта прыходзіцца расплочвацца вялікім коштам. Многія людзі, калі нават і добра забяспечаны матэрыяльна, пакутуюць ад духоўнай беднасці, адзіноты і маўклівай роспачы. Гэта духоўная пустыня прапаведуецца ў свеце, ударае па моладзі, крадзе ў яе надзею і часта нават жыццё, адзначыў Святы Айцец.

У гэтым свеце неабходна апавядаць аб Евангеллі надзеі, Евангеллі Езуса Хрыста, падкрэсліў Папа. Дух Езуса, можа прынесці новае жыццё ў сэрца кожнага чалавека і перамяніць любую сітуацыю, нават тую ў якой здаецца, што надзеі няма. “Гэта пасланне, якім вы пакліканы падзяліцца з вашымі аднагодкамі: у школе, свеце працы, сем’ях, універсітэтах, супольнасцях”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак пажадаў моладзі, каб яе думкі, словы і ўчынкі, заўсёды кіраваліся мудрасцю слова Хрыстовага і сілай Ягонай праўды. Папа заклікаў не баяцца адказваць таксама на пакліканні да святарскага і манаскага жыцця.

Пасля заканчэння сустрэчы з моладзю, Святы Айцец на верталёце накіраваўся ў Сеул, дзе будзе адпачываць перад трэцім днём падарожжа па Паўднёвай Карэі.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Фотаальбом з месца падзеі: vk.cc/2SvSMe
 
Наверх