*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


“Благаслаўленні – гэта шлях, які Бог указвае ў якасці адказу на жаданне шчасця, уласцівае чалавеку”, - адзначыў папа Францішак падчас першай пасля перыяду летняга перапынку агульнай аўдыенцыі. Яна прайшла 6 жніўня 2014 г. у ватыканскай Зале Паўла VI, а не на плошчы св. Пятра, з прычыны спякотнага надвор’я. Пантыфік прыбыў на сустрэчу з вернікамі каля 10.00 і напачатку асабіста прывітаў многіх з іх. Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез аб Касцёле, звяртаючы ўвагу на навізну, якая характарызуе супольнасць вернікаў: “гаворка ідзе пра новы народ, заснаваны на новым запавеце устаноўленым Панам Езусам праз дар Ягонага жыцця. Гэта навізна не адмаўляе папярэдні шлях і не супрацьпастаўляецца яму, але вядзе да яго спаўнення”, - сказаў Францішак. У першую чаргу Папа звярнуў увагу на постаць св. Яна Хрысціцеля, які злучыў Стары і Новы Запавет. Ён рыхтаваў дарогу да прыходу Хрыста, схіляючы людзей да навяртання і прыняцця Божага суцяшэння. “Ян займае цэнтральнае месца ва ўсім Пісанні, бо становіцца мастом паміж абяцаннем Старога Запавету і яго спаўненнем, паміж прароцтвамі і іх рэалізацыяй у Езусе Хрысце. Сваім сведчаннем Ян указвае нам на Езуса, запрашае ісці за Ім, і кажа, без складаных тэрмінаў, што гэта патрабуе пакоры, пакаяння і навяртання”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што як Майсей заключыў запавет з Богам на падставе закону атрыманага на гары Сінай, так і Езус, з пагорку на беразе Галілейскага возера, перадаў сваім вучням і натоўпу людзей новае навучанне, якое пачынаецца з благаслаўленняў. Паводле Папы, благаслаўленні ўказваюць шлях да шчасця і ўдасканальваюць запаведзі Старога Запавету. Многія, пра іх не ведаюць ці не памятаюць, але на думку Святога Айца, да іх важна пастаянна звяртацца ў жыцці.

“У гэтых словах прысутнічае ўся навізна прынесеная Хрыстом: сапраўды, благаслаўленні – гэта партрэт Езуса, яго форма жыцця; а таксама гэта шлях да сапраўднага шчасця, якім таксама і мы можам прайсці, дзякуючы ласцы, якую Езус дорыць”, - сказаў ён.

Акрамя новага закону, Папа звярнуў увагу на іншыя словы Езуса, з якімі трэба заўсёды лічыцца ў штодзённым жыцці. Яны знаходзяцца ў 25 раздзеле Евангелля ад Мацвея і з’яўляюцца, паводле Святога Айца, сапраўдным “пратаколам”, паводле якога будзем судзімы.

“Мы не будзем мець тытулаў, перавагаў, прывілегій. Пан пазнае нас, калі мы ў сваю чаргу пазнавалі Яго ў бедным, галодным, убогім ці маргіналізаваным, пакутутуючым і самотным... І гэта адзін з фундаментальных крытэрыяў праверкі нашага хрысціянскага жыцця, з дапамогай якога Езус нас запрашае вымяраць яго кожны дзень”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што новы запавет заключаецца ў тым, каб убачыць сябе ў Хрысце, атуленым міласэрнасцю і спачуваннем Божым. “І гэта напаўняе наша сэрца радасцю, і гэта робіць з нашага жыцця цудоўнае і пераканаўчае сведчанне любові Бога да ўсіх братоў, якіх сустракаем штодзённа”, - сказаў ён.

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў пра гадавіну смерці папы Паўла VI, які адышоў у вечнасць 6 жніўня 1978 г. Францішак падкрэсліў любоў гэтага Пантыфіка да Касцёла і заклікаў браць з яго прыклад і чэрпаць натхненне.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Фотаальбом: vk.cc/2QTY4U

 
Наверх