*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Езус хоча, каб людзі былі свабоднымі, – з такімі словамі папа Францішак звярнуўся да нямецкамоўных міністрантаў, якія прымаюць удзел у вялікай пілігрымцы ў Рым, пад дэвізам “Свабодныя! Таму нам дазволена рабіць дабро”. 5 жніўня 2014 г. на плошчы св. Пятра пачалася вялікая сустрэча ў якой прымаюць удзел юнакі і дзяўчаты з дыяцэзій Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. Пасля музычнай праграмы, тут адбылася малітва, у рамках якой Святы Айцец звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай. Папа нагадаў, што праз Езуса Хрыста Бог споўніў тое, што даўно жадаў паказаць людзям – што з’яўляецца добрым Айцом. “А як зрабіў гэта? Праз уцелаўленне свайго Сына, які стаў адным з нас. Праз гэтага канкрэтнага чалавека, імя якому Езус, мы можам зразумець тое, што Бог па-сапраўднаму жадае. Ён хоча, каб людзі былі свабоднымі, каб адчувалі сябе абароненымі, як дзеці добрым Айцом”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, каб споўніць гэты план, Богу спатрэбіўся толькі адзін чалавека – жанчына, маці, якая дала свету Божага Сына. “Марыя была цалкам свабоднай. Праз сваё “так”, яна зрабіла дабро назаўсёды. Такім чынам паслужыла Богу і людзям”, - адзначыў Папа і заклікаў міністрантаў ісці за яе прыкладам, калі жадаюць ведаць тое, што Бог чакае ад сваіх дзяцей.

У сустрэчы нямецкамоўных міністрантаў прымаюць удзел каля 50 тыс. чалавек. Многія групы прыбылі ў Рым яшчэ 1 жніўня 2014 г. На працягу тыдня яны наведваюць касцёлы, прымаюць удзел у экскурсіях і знаёмяцца з культурным і духоўным багаццем Вечнага горада.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Фотаальбом сустрэчы з нямецкамоўнымі міністрантамі: vk.cc/2QPNxA



 
Наверх