*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Самай кранаючай часткай трэцяга дня падарожжа папы Францішка ў Паўднёвую Карэю, стаў візіт у мястэчка Ккаттаннэ – буйнейшы сацыяльны цэнтр Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне, заснаваны францішканінам а. Джонам О Ун Чжынам. Тут знаходзіцца цэлы комплекс медыцынскіх, манаскіх і духоўных устаноў. Першая сустрэча Пантыфіка прайшла ў “Доме надзеі” – цэнтры рэабілітацыі для інвалідаў. Святога Айца чакалі каля 150 непаўнаспраўных дарослых, каля 50 дзяцей, а таксама група медыцынскіх работнікаў і выхавацеляў. Папа не прамаўляў гучных прамоваў, але выкарыстаў гэту сустрэчу, каб “дакрануцца да цела Хрыста” – самых слабых членаў грамадства і даць ім сведчанне аб “пяшчотнасці Бога”.

Напачатку Францішак наведаў капліцу, дзе знаходзіліся некаторыя хворыя, а затым вялікі зал, дзе для яго было прыгатавана прыгожае, белае крэсла. Але Папа адмовіўся сядзець. Ён прыняў удзел у танцах, арганізаваных групай дзяцей, вітаў кожнага з прысутных асабіста, прымаў падарункі, сярод якіх быў вялікі квяточны вянок, які адзін з хлопцах павесіў Пантыфіку на шыю.

Наведваючы хворых, прыкаваных да шпітальных ложкаў, Святы Айцец нахіляўся над імі, намагаючыся ўдзяляць належную ўвагу кожнаму, а ў адказ атрымліваў шчырыя і любячыя ўсмешкі.

Пасля візіту у “Дом надзеі”, Папа накіраваўся ў цэнтр “Школа любові” для сустрэчы з кансэкраванымі асобамі. Па дарозе ён спыніўся на сімвалічных могілках, узведзеных у памяць аб дзецях, якія загінулі ад абортаў. Тут, сярод соцен маленькіх белых крыжыкаў на зялёным газоне, Папа памаліўся ў цішыні.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх