*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI 20 жніўня 2014 г., папа Францішак расказаў пра сваё апостальскае падарожжа ў Паўднёвую Карэю, якое здзейсніў 13-18 жніўня 2014 г. “Я меў магчымасць наведаць малады і дынамічны Касцёл, заснаваны на сведчанні мучанікаў і натхнёны місійным духам, у краіне дзе сустракаюцца старажытныя азіяцкія культуры і вечная навізна Евангелля”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што выказаць сутнасць яго падарожжа можна трыма словамі: памяць, надзея і сведчанне. “Рэспубліка Карэя – гэта краіна, якая ажыцявіла значнае і хуткае эканамічнае развіццё. Яе жыхары з’яўляецца вялікімі працаўнікамі, дысцыплінаванымі і павінны захоўваць сілу, атрыманую ў спадчыну ад сваіх продкаў”, - сказаў Папа. “У гэтай сітуацыі, Касцёл з’яўляецца храніцелем памяці і надзеі; гэта духоўная сям’я ў якой дарослыя перадаюць моладзі паходню веры атрыманую ад пажылых; памяць сведкаў мінулага становіцца новым сведчаннем у цяперашнім і надзеяй на будучыню. Праз гэту перспектыву трэба глядзець на дзве галоўныя падзеі гэтага падарожжа: беатыфікацыю 124 карэйскіх мучанікаў, якія далучыліся да кананізаваных 30 гадоў таму св. Янам Паўлам ІІ; і сустрэчу з моладзю, з нагоды VI Дзён азіяцкай моладзі”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што малады чалавек заўсёды шукае нечага, дзеля чаго варта жыць, а мучанік дае сведчанне аб чымсьці, ці дакладней, аб Кімсьці, дзеля каго варта аддаць жыццё. “Гэта рэальнасць з’яўляецца Любоўю, Богам, які ўцелавіўся ў Езусе, Сведку Айца”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Касцёл у Карэі захоўвае таксама памяць пра першасную ролю, якую мелі свецкія вернікі, як для вытокаў веры, так і евангелізацыйнай дзейнасці. На гэтай зямлі, сапраўды, хрысціянская супольнасць не была заснавана місіянерамі, але групай маладых карэйцаў у другой палове XVIII ст., якія былі прываблены некаторыямі хрысціянскімі тэкстамі, глыбока іх вывучалі і выбіралі ў якасці нормы для ўласнага жыцця. Адзін з іх быў адпраўлены ў Пекін, каб атрымаць хрост і затым, у сваю чаргу, хрысціў сваіх паплечнікаў. З гэтай першай ячэйкі развілася вялікая супольнасць, якая ад самага пачатку і на працягу стагоддзя падвяргалася гвалтоўнаму пераследу, з тысячамі мучанікаў. Такім чынам, Касцёл у Карэі заснаваны на веры, на місійнай дзейнасці і мучаніцтве свецкіх вернікаў”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што першыя карэйскія хрысціяне жылі па прыкладзе апостальскай ерузалемскай супольнасці, гэта значыць “братэрскай любоўю, якая пераўзыходзіць любыя сацыяльныя адрозненні”. “Таму я заклікаў сённяшніх хрысціян быць шчодрымі ў дзяленні з беднымі і маргіналізаванымі, згодна са словамі з 25 радзела Евангелля паводле св. Мацвея: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, расказаў ён.

“Дарагія браты, у гісторыі веры ў Карэі бачна, як Хрыстус не адмяняе культуры, не знішчае шлях народаў, якія на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў шукаюць праўды і жывуць любоўю да Бога і бліжняга. Хрыстус не адмяняе тое, што добрае, але прыводзіць гэта да спаўдення. Тое, з чым Хрыстус змагаецца і знішчае – так гэта злы, які сее пустазелле паміж людзьмі і народамі; які нараджае маргіналізацыю з прычыны ідалапаклонства перад грашыма; які сее атруту пустэчы ў сэрцах моладзі. З гэтым Хрыстус змагаўся і перамог сваёй Ахвярай любові. І калі застанемся ў Ім, у Яго любові, таксама і мы, як і мучанікі, зможам жыць і сведчыць аб Яго перамозе”, - падкрэсліў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 20 жніўня Касцёл успамінае св. Бернарда, абата і Доктара Касцёла. Папа заклікаў углядацца ў прыклад яго любові да Маці Божай, каб умацоўваць сваё хрысціянскае жыццё, каб ніколі не быць пераможанымі грахом і жыць плёнамі ласкаў, атрыманых ад Езуса Хрыста.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Фотаальбом Агульнай Аўдыенцыі Папы Францішка: vk.cc/2TqN8J


    
 
Наверх