*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Стаць шчодрымі сведкамі любові Бога і радасці Евангелля, каб свет усё хутчэй набліжаўся да адзінства – з такім заклікам да ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Руху факаляраў звярнуўся папа Францішак 26 верасня 2014 г. У форуме, які праходзіць у Кастель-Гандольфа, прымаюць удзел каля 500 дэлегатаў са 137 краін свету. Францішак прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане. Рух факаляраў – нагадаў Папа, – нарадзіўся з “маленькага семені”, якое “дало жыццё дрэву, што працягнула свае галіны ва ўсе выразы хрысціянскай сям’і, а таксама да вызнаўцаў іншых рэлігій і тых, хто ўзрошчвае справядлівасць і салідарнасць, разам з пошукам ісціны”. Папа Францішак даў факалярам тры парады: сузіраць, выходзіць у свет і займацца адукацыяй. Сёння, як ніколі раней, на яго думку, існуе патрэба ў сузіранні Бога і цудаў Ягонай любові. Але сузіранне павінна весці да братэрскай сустрэчы з іншымі, бо інакш будзе самалюбаваннем.

Другі заклік – выходзіць у свет – азначае шчодрае сведчанне любові Бога з павагай і крэатыўнасцю, бо без крэатыўнасці “немагчыма ісці наперад”. Каб ісці ў свет, паводле Папы, трэба стаць экспертамі ў мастацтве, якое называецца дыялог. Пантыфік у чарговы раз заклікаў ісці да тых людзей, якіх можна назваць “ранамі грамадства”. Дастаткова “бізантынізму” – Касцёл, гэта “палявы шпіталь”, задача якога лячыць раны, адзначыў Папа.

Урэшце, трэцяе патрабаванне Святога Айца тычылася адукацыйнай дзейнасці. Без добрага выхавання новых пакаленняў, сцвердзіў Папа, немагчыма рэалізаваць сур’ёзны і даўгавечны праект на службе новага чалавецтва.

Цытуючы заснавальніцу руху факаляраў К’яру Любіч, папа Францішак нагадаў аб неабходнасці ствараць “новых людзей” – “людзей з душой, сэрцам, розумам Езуса, здольных пазнаць і інтэрпрэтаваць патрэбы, клопаты і надзеі, якія жывуць у сэрцы кожнага чалавека.”

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаздымкі: vk.cc/308pSk
 
Наверх