*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Пра значэнне паняццяў “каталіцкі” і “апостальскі”, якія ўжываюцца ў адносінах да Касцёла, распавёў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 17 верасня 2014 г. на плошчы св. Пятра. Яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства, св. Кірыл Александрыйскі сцвярджаў, што “Касцёл называецца каталіцкім – гэта значыць паўсюдным – таму што раскінуўся з аднаго да другога краю зямлі; а таксама таму, што паўсюдна, і без выключэння, навучае ўсім праўдам, якія павінны дасягнуць розуму людзей, адносна як нябесных, так і зямных спраў”, - нагадаў Святы Айцец. “Відавочным знакам каталіцкасці Касцёла з’яўляецца тое, што ён прамаўляе на ўсіх мовах, а гэта нішто іншае, як вынік Пяцідзесятніцы: гэта Святы Дух, зрабіў апосталаў і ўвесь Касцёл здольнымі несці Добрую Навіну збаўлення і любові Бога да ўсіх, аж да краю зямлі. Касцёл быў народжаны каталіцкім, гэта значыць “сімфанічным”, ад самага свайго пачатку, і не можа быць некаталіцкім, бо быў задуманы для евангелізацыі і сустрэчы з усімі”, - сказаў Папа.

На думку Пантыфіка, калі б апосталы пасля атрымання Святога Духа засталіся ў Вячэрніку, а не пайшлі абвяшчаць Евангелле, Касцёл мог бы застацца часткай толькі аднаго народа ці горада. Але ён быў створаны місійным, апостальскім.

“Гэты тэрмін нагадвае нам, што Касцёл пабудаваны на фундаменце апосталаў і знаходзіццаў лучнасці з імі, (...) ён пакліканы несці ўсім людзям евангельскае пасланне, суправаджаючы яго знакамі пяшчотнасці і Божай моцы. Таксама і гэта паходзіць ад эфекту Пяцідзесятніцы: менавіта Святы Дух пераўзыходзіць кожны супраціў, перамагае спакусу закрыцца ў саміх сабе, у невялікай групе выбраных, і лічыць сябе адзінымі адрасатамі Божага благаслаўлення. (...) Менавіта Святы Дух вядзе нас на сустрэчу з братамі, у тым ліку самымі аддаленымі, ва ўсіх сэнсах, каб яны маглі раздзяліць з намі любоў, спакой, радасць, якія Уваскрослы Пан пакінуў у дар ”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што прыналежнасць да каталіцкага і апостальскага Касцёла патрабуе клопату аб збаўленні ўсяго чалавецтва, а таксама адкрытасці і салідарнасці ў адносінах да братоў. Гэта прыналежнасць азначае таксама поўню, закончанасць, гарманічнасць хрысціянскага жыцця і адмаўленне ад частковасці, аднабаковасці, якія спрыяюць закрытасці.

“Быць часткай апостальскага Касцёла азначае, усведамляць, што наша вера прывязана да абвяшчэння і сведчання саміх апосталаў аб Езусе, і таму адчуваць сябе заўсёды пакліканымі, пасланымі, у адзінстве з наступнікамі апосталаў, абвяшчаць, з сэрцам поўным радасці, Хрыста і Яго любоў да ўсяго чалавецтва. І тут я жадаю нагадаць пра гераічнае жыццё шматлікіх місіянераў і місіянерак, якія пакінулі свае родныя краіны, каб ісці і абвяшчаць Евангелле ў іншых краях і кантынентах. Адзін бразільскі кардынал, які шмат працаваў у Амазоніі, калі прыбываў у адзін з новых гарадоў, заўсёды ішоў на могілкі і наведваў там магілы місіянераў, святароў, законнікаў і законніц, якія прыходзілі прапаведваць Евангелле – апосталаў. І ён лічыў, што яны могуць быць кананізаваны неадкладна, бо пакінулі ўсё, каб абвяшчаць Езуса Хрыста”, - падзяліўся Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб абнаўленні дару Святога Духа, каб кожная хрысціянская супольнасць і кожны ахрышчаны быў выразам Касцёла – каталіцкага і апостальскага.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Фотаальбом: vk.cc/2YuHZm
 
Наверх