*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Хрысціянін не можа быць неміласэрным, таму што міласэрнасць – гэта сутнасць Евангелля, сцвердзіў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 10 верасня 2014 г. Пантыфік нагадаў, што ў мінулых катэхезах, ён падкрэсліваў ролю Касцёла ў дапамозе развіццю вернікаў. “Касцёл дапамагае расці, а праз святло і сілу Божага слова, указвае нам шлях збаўлення і бароніць ад зла. Сёння, я б жадаў падкрэсліць адзін асаблівы аспект гэтай выхаваўчай дзейнасці нашай Маці Касцёла, а менавіта: як яна вучыць нас справам міласэрнасці”, - сказаў папа Францішак. Паводле Святога Айца, добры выхавацель заўсёды факусіруецца на самой сутнасці: “не губляецца ў дэталях, але хоча перадаць тое, што па-сапраўднаму важнае, каб дзеці і вучні знайшлі сэнс і радасць жыцця”. “Сутнасцю Евангелля з’яўляецца міласэрнасць. Бог паслаў свайго Сына, Бог стаў чалавекам, каб збавіць нас, каб адарыць нас сваёй міласэрнасцю. Аб гэтым сам Езус казаў ясна, абагульняючы сваё навучанне для вучняў: “Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны”. Ці можа існаваць неміласэрны хрысціянін? Не. Хрысціян абавязкова павінен быць міласэрным, таму што гэта самае галоўнае ў Евангеллі. Верны гэтаму навучанню, Касцёл не можа не паўтараць тое самае сваім дзецям: “Будзьце міласэрнымі”, як Айцец, і як Езус”, - заклікаў Пантыфік.

Такім чынам, Касцёл паводзіць сябе як Хрыстус. “Не чытае тэарытычных лекцый пра любоў, пра міласэрнасць. Не распаўсюджвае ў свеце філасофію, шлях мудрасці... Канешне, у хрысціянстве ёсць таксама і ўсё гэта, але толькі як наступства, адлюстраванне. Маці Касцёл, як Езус, вучыць нас прыкладам, а словы служаць таму, каб асвяціць значэнне яго жэстаў”, - падкрэсліў Папа. “Маці Касцёл вучыць нас даваць ежу і піццё, тым хто галодны і мае прагу, апранаць таго, хто нагі. А як? Менавіта праз прыклад шматлікіх святых, якія чынілі гэта ўзорным чынам; робіць праз прыклад шматлікіх татаў і маці, якія вучаць сваіх дзяцей таму, што лішняе – гэта для тых, каму не хапае самага неабходнага. Важна ведаць пра гэта. У самых простых хрысціянскіх сем’ях заўсёды было сакральным правіла гасціннасці: заўсёды хапала талеркі ці ложку для патрабуючых”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падзяліўся з вернікамі ўспамінамі, пра жанчыну, якая добра навучыла сваіх дзяцей дзяленню з беднымі. Аднойчы ў іх дом пастукала жабрачка. Гаспадыня папрасіла яе пачакаць, пайшла на кухню, дзе абедалі яе дзеці і прапанавала ім падзяліцца пасілкам. Дзеці, аднак, запярэчылі маці, таму што хацелі аддаць ўсё, што мелі ў талерках. “Так вучыць і Маці Касцёл”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл вучыць быць блізка не толькі з галоднымі, але з хворымі; зняволенымі – таму што міласэрнасць змяняе сэрца і жыццё і дапамагае вярнуцца ў грамадства; з пакінутымі і паміраючымі ў адзіноце. “Гэта тое, што рабіла святая Тэрэза на дарогах Калькуты; гэта тое, што рабілі і робяць шматлікія хрысціяне, якія не баяцца ўзяць за руку тых, хто рыхтуецца пакінуць гэты свет. Таксама і тут міласэрнасць дорыць супакой, тым хто адыходзіць і хто застаецца, дазваляючы адчуць, што Бог большы за смерць, і што трываючы ў Ім, таксама і апошняе развітанне становіцца “дапабачэннем”...”, - адзначыў Папа.

Касцёл навучыўся міласэрнасці і яе важнасці для збаўлення ад Езуса. “Не дастаткова любіць тых, хто нас любіць. Езус кажа, што так робяць язычнікі. Не дастаткова чыніць дабро, тым хто нам яго чыніць. Каб змяніць свет на лепшы, трэба рабіць дабро тым, хто не ў стане нам адплаціць за гэта, як зрабіў Айцец, падарыўшы нам Езуса”, - сказаў Пантыфік.

Пасля катэхезы, папа Францішак па-традыцыі вітаў пілігрымаў з розных куткоў свету, сярод якіх былі італьянскія марскія афіцэры і матросы, задзейнічаныя ў аперацыі “Mare Nostrum”, па выратаванні бежанцаў, якія спрабуюць патрапіць у Еўропу праз Міжземнае мора. “Дзякую за годную захаплення працу, якую вы чыніце на карысць шматлікіх братоў, шукаючых надзеі”, - сказаў Святы Айцец.


Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаальбом: vk.cc/2XeUom
 
Наверх