*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


27 верасня 2014 г. Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскага камітэта па Міжнародных эўхарыстычных кангрэсах. Пантыфік падзякаваў за працу структуры, у прыватнасці, за падрыхтоўку да Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу ў філіпінскім Себу, які пройдзе у 2016 г. Францішак нагадаў, што Эўхарыстыя займае цэнтральнае месца ў Касцёле – гэта “сакрамэнт міласэрнасці, знак адзінства і повязь любові”. Тэма будучага форума: “Хрыстус сярод вас – надзея хвалы”, пралівае святло на сувязь паміж Эўхарыстыяй, місійнасцю і хрысціянскай надзеяй, адзначыў Папа. Сёння ў свеце існуе недахоп надзеі, таму чалавецтва мае патрэбу ў пасланні надзеі, якое прынёс Езус Хрыстус. Пантыфік пажадаў, каб Касцёл нёс яго з новым запалам, выкарыстоўваючы абноўленыя метады. “У духу “новай евангелізацыі”, няхай Касцёл нясе гэта пасланне ўсім, асабліва тым, хто, будучы ахрышчаным, аддаліўся ад Касцёла і жыве без звароту да хрысціянскага жыцця”, - сказаў Святы Айцец.

Наступны кангрэс, на думку Францішка, павінен дапамагчы зразумець Эўхарыстыю, як сустрэчу з Панам, якая змяняе чалавека, а таксама стаць магчымасцю “для адкрыцця веры, у якасці крыніцы ласкі, якая прыносіць радасць і надзею ў асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё”.

“Сустрэча з Езусам у Эўхарыстыі будзе крыніцай надзеі для свету, калі перамененыя сілай Святога Духа – па вобразу Таго, каго сустракаем – мы прымем на сябе місію змены свету, дорачы поўню жыцця, якую самі атрымалі і адчулі, несучы надзею, прабачэнне, аздараўленне і любоў патрабуючым, асабліва бедным, абяздоленым і прыгнечаным, дзелячыся жыццём і памкненнямі і ідучы разам з імі ў пошуку сапраўднага чалавечага жыцця ў Езусе Хрысце”, - адзначыў папа Францішак.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх