*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Падарожжа папы Францішка ў Албанію, якое адбудзецца 21 верасня 2014 г. мае дзве галоўныя мэты: ушанаванне памяці мучанікаў ваяўнічага атэізму і падтрымка далейшага мірнага суіснавання паміж прадстаўнікамі розных рэлігій. Пра гэта распавёў журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы 15 верасня 2014 г. Гаворка ідзе пра IV Апостальскае падарожжа Святога Айца за межы Італіі. Акрамя таго, Албанія стане першай краінай еўрапейскага кантынента, якую наведае Францішак. Візіт Пантыфіка ў гэту маленькую балканскую дзяржаву, будзе суправаджаць успамін пра дзве вялікія постаці: св. Яна Паўла ІІ, дзякуючы якому адбылося адраджэнне мясцовага Касцёла і Маці Тэрэзу з Калькуты – якую лічаць сапраўднай нацыянальнай гераіняй не толькі мясцовыя католікі. Кс. Ламбардзі нагадаў, што Ян Павел ІІ наведваў Албанію 25 красавіка 1993 г, хутка пасля падзення камуністычнага рэжыма. Тады, у паўразбураным і зняважаным катэдральным касцёле Скутары – некалі самай вялікая каталіцкай святыні на Балканах, ён кансэкраваў чатырох біскупаў, чым даў пачатак іерархічнаму аднаўленню Касцёла ў Албаніі.

Візіт папы Францішка, як і яго папярэдніка, будзе аднадзённым. Ён наведае толькі сталіцу дзяржавы, Тырану, распавёў кіраўнік Залы Друку. Акрамя высокіх іерархаў, у склад афіцыйнай дэлегацыі, згодна з нядаўна ўведзенай Францішкам традыцыі, увойдзе адзін са звычайных ватыканскіх служачых – на гэты раз супрацоўнік фотаслужбы газеты “L’Osservatore Romano”.

Падарожжа пачнецца каля 7.30. Па прыбыцці ў Тырану папа Францішак сустрэнецца з Прэзідэнтам краіны, якому ўручыць каштоўны дар – факсімільную копію першага імшала на албанскай мове, надрукаванага ў 1555 г. Яго арыгінал захоўваецца ў Апостальскай бібліятэцы Ватыкана.

Эўхарыстую Пантыфік будзе цэлебраваць на плошчы Маці Тэрэзы, у самым цэнтры Тыраны. Ён будзе перамяшчацца на адкрытым і небраніраваным “папа-мабіле”, якім карыстаецца падчас аўдыенцый у Рыме. Прамова Святога Айца, перад малітвай “Анёл Панскі” будзе скіравана да моладзі. Пасля абеду з мясцовымі каталіцкімі біскупамі ў будынку Апостальскай нунцыятуры, Папа правядзе тры важныя сустрэчы: у Каталіцкім універсітэце ён спаткаецца з лідэрамі мясцовых рэлігійных супольнасцяў, у катэдральным касцёле – з духавенствам, а ў цэнтры для дзяцей-сірот “Бэтанія” – з сацыяльнымі супрацоўнікамі, дабрачынцамі і, канешне, самімі дзецьмі.

Паводле праграмы візіту, папа Францішак прабудзе ў Албаніі каля 14 гадзін. Ён вернецца ў Ватыкан каля 22.00. 


Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх