*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


4 верасня 2014 г. у Ватыкане была ўрачыста адкрыта інтэрнэт-платформа “Scholas occurentes” – пэўнага кшталту адукацыйная сацыяльная сетка, мэта якой заключаецца ў тым, каб злучыць паміж сабой школы ўсяго свету і спрыяць выхаванню моладзі ў духу культуры сустрэчы і міру. Ініцыятыва была рэалізавана аднайменнай ватыканскай адукацыйнай структурай, узнікшай па ініцыятыве папы Францішка. Сам Пантыфік прыняў удзел у першым відэамосце арганізаваным у рамках праекта. З дапамогай інтэрнэта і відэакамеры, ён паразмаўляў са школьнікамі з Сальвадора, Паўднёвай Афрыкі, Турцыі, Ізраіля, Аўстраліі і Камеруна.

Папа заклікаў юнакоў і дзяўчат “марыць аб будучыні”, але не забываць аб “спадчыне культуры, мудрасці і рэлігій, перададзенай пажылымі людзьмі”. Ён нагадаў пра важнасць таго, каб з самага маленства вучыцца культуры сустрэчы і будавання мастоў паміж людзьмі, тым больш, што зараз, на яго думку, свет прабывае ў стане вайны.

Адзін з удзельнікаў дыскусіі задаў Папе пытанне пра лёс чалавецтва, на якое Святы Айцец з іроніяй адзначыў, што не мае “шклянога шару, як у вядзьмарак, каб прадказваць будучыню”. Тым не менш, з уласцівай яму глыбінёй, ён выказаў перакананасць у тым, што будучыня залежыць ад “моладзі з крыламі і каранямі”: “моладзі, якая мае крылы, каб лятаць, марыць, тварыць; і якая мае карані, каб атрымліваць ад пажылых людзей пазнанне”.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Фотаальбом: vk.cc/2Wx3OI
 
Наверх