*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


27 верасня 2014 г. папа Францішак наведаў галоўную езуіцкую святыню – рымскую базыліку “Іль Джэзу”. Візіт быў прымеркаваны да 200-годдзя аднаўлення Таварыстыва Езуса. Гэта зрабіў 7 жніўня 1814 г. папа Пій VII, пасля больш чым 40 гадоў прыпынення дзейнасці ордэна. Францішак памаліўся разам са сваімі субратамі малітвай Нешпараў і звярнуўся да іх з казаннем. Ён нагадаў пра часы, калі дзейнасць Ордэна езуітаў была забаронена, а яго члены вырашылі не супрацьстаяць волі Божай з мэтай уласнага ратавання. Таварыства Езуса перажыло тыя цяжкія часы да самай глыбіні, не памяншаючы пакутаў: перажыло прыніжэнне разам з прыніжаным Хрыстом, у паслухмянасці.

Тагачасныя езуіты – заўважыў Папа, – з праніклівасцю глядзелі на волю Бога, які збаўляе толькі ад эгаізма і марнасці. Яны аддалі перавагу прызнанню ўласных грахоў і не лічылі сябе ахвярамі. Толькі так, прызнаючы правіны атрымліваецца суцяшэнне, перакананы ён.

Францішак падкрэсліў, што Таварыства Езуса засталося верным мэце, дзеля якой было заснавана: міласэрнасці, адзінству, паслухмянасці, цярплівасці, евангельскай прастаце, сапраўднаму сяброўству з Богам і поўнаму даверу да Яго. Усё астатняе – марнасць, сказаў Папа. На думку Святога Айца, памяць пра цяжкія часы з’яўляецца каштоўнай для езуітаў, таму што ордэну была “дадзена ласка не толькі верыць у Пана, але пакутаваць за Яго”.

Візіт папы Францішка у рымскі касцёл Найсвяцейшага Імя Езуса (Іль Джэзу) быў чацвёртым за час яго пантыфікату.
 

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Фотаздымкі: vk.cc/30tv5F
 
Наверх