*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Езус – не прафесар, які прамаўляе з кафедры. Ён знаходзіцца сярод людзей і дазваляе дакрануцца да сябе, каб даць аздараўленне. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 9 верасня 2014 г. Каментуючы літургічны евангельскі фрагмент, Пантыфік пахіліўся над трыма аспектамі жыцця Езуса Хрыста. Першы – гэта малітва. Езус часта маліўся да Айца, просячы аб збаўленні для людзей, нагадаў Папа. “Ён і зараз знаходзіцца перад Айцом, молячыся за нас. І гэта павінна напаўняць нас адвагай! (...) Сёння, гэта Яго праца: маліцца за нас, за свой Касцёл. Мы часта забываем пра тое, што Езус моліцца за нас. Але ў гэтым наша сіла. Мы можам сказаць Айцу: “Ойча, калі Ты не глядзіш на мяне, то паглядзі на свайго Сына, які моліцца за нас”. З самага пачатку Езус маліўся за свой народ: маліўся, калі быў на зямлі і працягвае маліцца зараз за кожнага, за ўвесь Касцёл”, - сказаў Пантыфік.

Пасля малітвы, Езус выбраў дванаццаць апосталаў, сказаў Папа і падкрэсліў, што менавіта Бог выбірае сябе вучняў, а гэта таксама павінна напаўняць адвагай. “Гэта ўсё любоў! Яна не глядзіць на тое, ці маеш ты нязграбнае або прыгожае аблічча, а любіць! І Езус робіць тое самае: любіць і выбірае з любові. І выбірае ўсіх. У Яго спісе няма важных – у двухкоссі – як гэта прынята паводле крытэрыяў гэтага свету. Для Яго ўсе раўны. Але ўсе маюць агульную рысу: яны з’яўляюцца грэшнікамі. Езус выбраў і выбірае грэшнікаў. У гэтым яго абвінавачвалі настаўнікі Закона, кніжнікі: “Ён спажывае ежу з грэшнікамі, Ён размаўляе з распусніцамі...”. Езус кліча ўсіх. Узгадаем прыпавесць пра вяселле сына: калі запрошаныя не прыйшлі, што зрабіў гаспадар дому? Паслаў сваіх слугаў са словамі: “Ідзіце і прывядзіце ў дом усіх. Добрых і кепскіх!”, кажа Евангелле. Езус выбірае ўсіх!”, - сказаў Папа.

Нарэшце, апошні аспект, на які звярнуў увагу Пантыфік – гэта непасрэдная блізкасць Хрыста да людзей. “Ён не быў прафесарам, настаўнікам, містыкам, які аддаляўся ад народа і прамаўляў з кафедры. Не! Ён знаходзіўся сярод людзей: дазваляў дакранацца да сябе; дазваляў людзям задаваць пытанні. Такі Езус: блізкі да людзей. Гэта блізкасць не была для Яго чымсьці новым: Ён падкрэсліваў гэта сваёй манерай дзейнічаць – а гэта было першае, што Бог прыгатаваў для свайго народа. Бог казаў: “Падумайце, які яшчэ народ мае Бога, настолькі блізкага, якім з’яўляюся Я для вас?”. Блізкасць Бога да свайго народа – гэта блізкасць Езуса да людзей”, - сказаў Папа.

На заканчэнне гаміліі, Францішак заклікаў вернікаў давяраць Езусу, таму што Ён моліцца за свой народ, выбірае яго і заўсёды прабывае побач з ім.


Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх