*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***




Вайна – гэта шаленства планавальнікаў тэрора і гандляроў зброяй, адзначыў папа Францішак успамінаючы пра загінуўшых ва ўсіх узброеных канфліктах. 13 верасня 2014 г. Святы Айцец узначаліў Эўхарыстыю на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса, пабудаванага ў памяць аб ахвярах І Сусветнай вайны, у мястэчку Рэдзіпулья, на поўначы Італіі. “У той час як Бог вядзе наперад сваё стварэнне, і мы, людзі, пакліканы супрацоўнічаць у гэтай справе, вайна нясе разбурэнне. Разбурае, у тым ліку і самае цудоўнае, што было створана Богам: чалавека. Вайна знішчае ўсё, уключаючы сувязі паміж братамі. Вайна – гэта вар’яцтва; яе перспектыўны план – разбурэнне: яна хоча развівацца праз разбурэнне!”, - сказаў Папа. Францішак падкрэсліў, што каля вытокаў кожнага канфлікту стаіць адвечнае апраўданне Каіна: “Хіба я вартаўнік брата свайго?”. “Прагавітасць, неталерантнасць, жаданне ўлады – гэта прычыны, якія стымулююць вайсковыя рашэнні, і яны часта апраўдваюцца ідэалогіяй; але на пачатку знаходзіцца апантаннасць, скажоны імпульс. Ідэалогія – гэта апраўднанне, і калі няма ідэалогіі, ёсць адказ Каіна: “Якая мне справа да майго брата?”: якая мне справа... “Хіба я вартаўнік брата свайго?”. Вайна нікому ў твар не глядзіць: ні старым, ні дзецям, ні мамам, ні татам, - адзначыў Пантыфік.

На думку Святога Айца, над могілкамі ахвяраў вайны, вітае дэвіз, які перагукаецца са словамі Каіна: “Якая мне справа?”. “Усе гэтыя людзі, якія спачываюць тут, мелі свае мары, але іх жыцці былі змарнаваны. Чаму? Таму што чалавецтва сказала: “Якая мне справа”. Таксама і сёння, пасля другой паразы іншай сусветнай вайны, напэўна можна казаць пра трэццюю вайну, якая вядзецца “па частках”, праз злачынствы, бойні, знішчэнні... Калі быць сумленнымі, то першыя старонкі газет павінны мець у якасці тытула словы: “Якая мне справа?”. Каін сказаў бы: “Хіба я вартаўнік брата свайго?”, - лічыць Папа.

Францішак нагадаў, што ад войнаў да сённяшняга дня працягвае гінуць вялікая колькасць людзей. “Чаму гэта магчыма? А таму што таксама і сёння за кулісамі стаяць інтарэсы, геапалітычныя планы, прага грошай і ўлады, індустрыя ўзбраенняў, якая здаецца вельмі важнай! І гэтыя планавальнікі тэрора, арганізатары канфліктаў і гандляры зброяй напісалі ў сэрцы: “Якая мне справа?”, - сказаў Папа.

З абыякавасцю да лёсаў людзей, паводле Папы, “спекулянты на вайне” магчыма зарабляюць шмат, але іх сэрца страціла здольнасць плакаць. “Каін не плакаў. Не ўмеў плакаць. Цень Каіна накрывае нас сёння тут, на гэтых могілках. Яна бачна тут. Яна бачна ў гісторыі, якая працягваецца з 1914 г. да нашых дзён. І бачная таксама ў нашы дні. З сэрцам сына, брата, айца, прашу ўсіх вас і за ўсіх нас аб навяртанні сэрца: перайсці ад словаў “якая мне справа” да плачу. За ўсіх паўшых у “бессэнсоўнай бойні”, за кожную ахвяру вар’яцтва вайны, усіх часоў”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што сёння чалавецтва патрабуе плачу і зараз настаў час для слёзаў.


Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё 


Фотаальбом:  vk.cc/2XL3df
 
Наверх