*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


“Місія Касцёла, пілігрыма па свеце і Маці ўсіх, любіць Езуса Хрыста, (...) асабліва ў самых бедных і пакінутых, сярод якіх, вядома, мігранты і бежанцы, якія спрабуюць пазбегнуць цяжкіх умоў жыцця і небяспекі любога роду”, - напісаў Святы Айцец Францішак у сваім пасланні на Сусветны дзень мігранта і бежанца, які пройдзе 18 студзеня 2015 г. на тэму: “Касцёл без межаў, Маці для ўсіх”. Менавіта Касцёл пакліканы руйнаваць межы і “распаўсюджваць па ўсім свеце культуру прыняцця і салідарнасці”, у якой ніхто не адчувае сябе непатрэбным або адкінутым. “Фактычна, у эпоху велізарных рухаў міграцыі, вялікая колькасць людзей пакідае сваю радзіму і пачынае рызыкоўнае падарожжа надзеі, з багажом, поўным страхаў і жаданняў, у пошуках больш гуманных умоў жыцця. Часта, аднак, міграцыя прыводзіць да падазронасці і варожасці, нават з боку касцёльных супольнасцяў, да таго як яны даведаюцца аб жыцці, пераследзе і няшчасцях асоб, у яе ўцягнутых”, - напісаў Пантыфік. У такіх выпадках, мы павінны “дакрануцца да чалавечых пакут”, каб рэалізаваць на практыцы запаведзь любові, дадаў ён.

“Мужнасць, якая нараджаецца з веры, надзеі і любові дазваляе нам скараціць адлегласці, што аддзяляюць нас ад чалавечых пакут. Езус Хрыстус пастаянна чакае на прызнанне ў асобах мігрантаў і бежанцаў, падарожнікаў і выгнаннікаў, і праз іх Ён заклікае нас падзяліць нашы рэсурсы і час ад часу адмовіцца ад набытых намі багаццяў”, - адзначыў Святы Айцец. Ён лічыць, што “шматкультурны характар ​​сённяшняга грамадства заклікае Касцёл узяць на сябе новыя абавязацельствы салідарнасці, зносін і евангелізацыі. Міграцыйныя працэсы, на самой справе, заклікаюць нас паглыбіць і ўмацаваць каштоўнасці, неабходныя, каб гарантаваць мірнае суіснаванне паміж людзьмі і культурамі”.

Тут, на думку Папы, не дастаткова проста талерантнасці, “якая паважае разнастайнасць і спосабы абмену паміж рознымі слаямі і культурамі”. Патрэбна адмовіцца ад паставы страху і абыякавасці і набліжацца да адносін, заснаваных на культуры сустрэчы, “адзінай культуры, здольнай пабудаваць лепшы, больш справядлівы і братні свет”. Для гэтага неабходна “сістэматычнае і актыўнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі”, паколькі эфекты міграцыі закранаюць усіх. Пантыфік заклікаў да “больш рашучых і канструктыўных дзеянняў” на ўзроўні “універсальнай сеткі супрацоўніцтва”. Менавіта гэта можа дапамагчы больш эфектыўна змагацца з “ганебнай і злачыннай” з’явай гандлю людзьмі, парушэннем асноўных правоў чалавека, і ўсімі формамі насілля, прыгнёту і рабства.

“На глабалізацыю міграцыі трэба рэагаваць праз глабалізацыю дабрачыннасці і супрацоўніцтва”, - заклікаў у сваім пасланні Святы Айцец і дадаў, што, у той жа час, неабходна прыкладаць больш намаганняў для спынення войнаў і канфліктаў, якія прымушаюць цэлыя народы пакідаць свае родныя краіны. Салідарнасць з мігрантамі і бежанцамі не магчымая “без распрацоўкі, на сусветным узроўні, больш справядлівага і раўнапраўнага фінансавага і эканамічнага парадку”, лічыць Францішак.

У апошніх словах паслання Пантыфік звярнуўся да саміх мігрантаў і бежанцаў. Ён падкрэсліў, што гэта група людзей займае “асаблівае месца ў сэрцы Касцёла” і заклікаў іх: “Не губляйце веры і надзеі!”.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх