*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Хрысціянін не зможа зразумець Хрыста Адкупіцеля без крыжа, без гатоўнасці несці яго разам з Езусам, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 26 верасня 2014 г. Мець веру, належаць да Пана – азначае падзяліць з Ім цяжар крыжа. У адваротным выпадку, гаворка можа ісці толькі пра добры, на першы погляд, шлях, але не сапраўдны. Асновай для гаміліі Святога Айца стаў евангельскі фрагмент у якім Езус распавёў вучням, “што Сын Чалавечы павінен выцярпець шмат, што адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, што Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне”. Паводле Францішка, Езус правёў “сапраўдную катэхезу аб сваёй ідэнтычнасці”: пакуты і крыж – вось шлях Месіі. Папа нагадаў, што вучні не жадалі прымаць такой праўды, але Хрыстус паступова рыхтаваў іх сэрцы, а таксама сэрцы народа, да гэтага. Пан апавядаў пра вялікую любоў Божую і цяжар граху, збаўленне ад якога прыйдзе праз крыж. “Нельга зразумець Езуса Хрыста Адкупіцеля без крыжа (…) Мы можам думаць, што Ён з’яўляецца прарокам, дабрадзеем, святым. Але Хрыста Адкупіцеля без крыжа зразумець немагчыма”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца сэрцы людзей сталі адкрывацца на гэту рэчаіснасць толькі ў Пальмовую нядзелю, а затым пасля смерці, ідэнтычнасць Хрыста адкрылася цалкам, пра што кажа “першая споведзь” цэнтурыёна.

Езус крок за крокам нас рыхтуе да добрага разумення Сваёй Таямніцы, “рыхтуе да суправаджэння Яго, нясучы нашы крыжы на шляху да адкуплення”. “Ён рыхтуе нас быць кірынейцамі, каб дапамагалі Яму несці крыж”, - сказаў Папа і дадаў, што жыццё без крыжа не з’яўляецца хрысціянскім: яно можа быць духоўным, добрым, але не хрысціянскім, перакананы Святы Айцец.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх