*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Папраўляць бліжняга па-братэрску заўсёды балюча, бо гэта трэба рабіць з любоўю, у праўдзе і з пакорай. Калі, аднак, адчуваем ад гэтага задавальненне, то павінны памятаць – яно не можа паходзіць ад Бога, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 12 верасня 2014 г. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над знакамітым евангельскімі пытаннем: “Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?”. Перадусім Папа заўважыў, што папраўляць бліжняга заўсёды трэба з любоўю. “Нельга папраўляць кагосьці без любові і міласэрнасці. Нельга здзейніць хірургічнага ўмяшання без анестэзіі: нельга, таму што хворы памрэ аб болю. Міласэрнасць – як анестэзія, якая дапамагае атрымліваць клопат і прымаць папраўленне”, - сказаў Святы Айцец. Іншым патрабаваннем для братэрскага папраўлення, на яго думку, з’яўляецца праўда: “не казаць фальшывых рэчаў”. “Колькі разоў у нашых супольнасцях аб іншых гаворацца рэчы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці: з’яўляюцца паклёпам. А нават калі яны і з’яўляюцца праўдай, то пазбаўляюць чалавека добрага імя”. “Плёткі – раняць; плёткі гэта аплявухі добраму імені чалавека, аплявухі для яго сэрца”, - сказаў Папа. Праўду трэба казаць з любоўю і міласэрнасцю – так яна лепш прымаецца, заклікаў ён.

Трэццяя парада Святога Айца тычылася пакоры: “Калі ты павінен папраўляць маленькія хібы іншага, памятай, што твае нашмат большыя”. Папраўленне, на думку Пантыфіка, патрабуе такой акуратнасці, з якой жанчыны зашываюць парваную вопратку, бо хібы людзей – як дзіркі на целе Касцёла. “Калі ты няздольны рабіць гэтага з любоўю, міласэрнасцю, ў праўдзе і з пакорай, ты будзеш агрэсарам, разбурэннем для сэрца чалавека, толькі памножыш плёткі, якія раняць, станеш сляпым крывадушнікам, як кажа Езус. “Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно са свайго вока!”. Прызнай, што з’яўляешся большым грэшнікам за іншага і што як брат павінен дапамагаць яго папраўденню”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што задавальненне ад папраўлення іншага ніколі не паходзіць ад Бога. Добрыя ўчынкі, у Пану, чыніць заўсёды складана, а хрысціянін, які спрабуе папраўляе іншых без любові, праўды і пакоры – гэта нясталы вернік, перакананы Францішак.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
Наверх