*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Мучанікі эпохі камунізма і заклік да евангелізацыі – гэтыя дзве тэмы былі ў цэнтры гаміліі папы Францішка падчас Эўхарыстыі, якую ён узначаліў 21 верасня 2014 г. на плошчы Маці Тэрэзы ў цэнтры Тыраны. “Тыя, хто баяўся праўды і свабоды, рабілі ўсё магчымае, каб выдаліць Бога з сэрца чалавека і выкрэсліць Хрыста і Касцёл з гісторыі Албаніі, якая была адной з першых, хто атрымаў святло Евангелля”, - нагадаў Францішак, гаворачы пра скаладаную гісторыю краіны, звязаную з забаронай рэлігіі камуністычнымі ўладамі. Пераасэнсоўваючы дзесяцігоддзі цяжкіх пакутаў і зверскага пераследу католікаў, праваслаўных і мусульман, Святы Айцец падкрэсліў, што “Албанія стала зямлёй мучанікаў: многія біскупы, святары, законнікі і свецкія вернікі заплацілі жыццём за сваю вернасць”. “Колькі хрысціян не скарыліся перад пагрозамі, але без ваганняў працягнулі крочыць шляхам, які выбралі. Духоўна пахіляюся перад мурам на могілках у Скутары – сімвалам мучаніцтва католікаў – дзе адбываліся расстрэлы, і ўскладаю перад ім кветкі малітвы, вечнага і ўдзячнага ўспаміну”, - адзначыў ён.

Паводле Пантыфіка, сёння дзверы Албаніі зноў адкрытыя і кожны ахрышчаны пакліканы абвяшчаць Евангелле. “Касцёле, які жывеш на гэтай албанскай зямлі, дзякую за твой прыклад вернасці Евангеллю! Многія твае сыны і дочкі пакутавалі за Хрыста, аж да аддання жыцця. Іх сведчанне няхай падтрымлівае твае крокі на шляху любові, свабоды, справядлівасці і міру, цяпер і ў будучыні”, - пажадаў Пантыфік на заканчэнне гаміліі.

У літургіі на плошчы Маці Тэрэзы прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч вернікаў, сярод якіх былі не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё



Фотаздымкі: vk.cc/2ZcReS
 
 
Наверх