*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Не дазволіць злу ўвайсці ў наша жыццё дапамагае адна старажытная касцёльная практыка, якой з’яўляецца рахунак сумлення, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 10 кастрычніка 2014 г. Пантыфік адзначыў, што сатана вельмі цярплівы і ніколі не перастае спакушаць чалавека – не адмаўляецца ад барацьбы за яго душу. У евангельскім апавяданні пра спакушэнне Езуса на пустыні гаворыцца, што пасля няўдачы сатана адышоў, але потым шмат разоў вяртаўся ў жыццё Хрыста: калі Яго выпрабоўвалі, намагаліся заманіць у пастку, падчас мукі – аж да самай крыжовай смерці. Сатана прабываў побач з Езусам да самага канца і тое ж тычыцца і нас, лічыць Святы Айцец. Сэрца, у якім жыве Святы Дух, неабходна бараніць, “каб не ўваходзілі ў яго іншыя духі”, каб не ўваходзілі кепскія думкі, кепскія жаданні, сквапнасць, нянавісць. Калі не ўсвядомлю, колькі ўсяго ўваходзіць ў маё сэрца, яно стане прахадным дваром - лічыць Папа, - сэрцам без ціхага месца, у якім Пан не можа прамаўляць і нават быць выслуханым.

Паводле слоў Пантыфіка, каб не дапускаць такой сітуацыі, трэба штодзённа рабіць рахунак сумлення: вечарам, перад заканчэннем дня, застацца сам на сам з сабой і спытаць у сябе: што адбылося сёння ў маім сэрцы? Што праходзіла праз маё сэрца? “Калі гэтага не будзе – мы не зможам чуваць і бараніць яго добра”, - сказаў Францішак. Рахунак сумлення дапамагае захаваць Святога Духа ў сэрцы, дапамагае захаваць сэрца ад шматлікага зла, ад нячыстых духаў, якія наносяць яму вялікую шкоду, перакананы Пантыфік.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх