*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Трэба быць адкрытымі для нечаканасцяў з боку Пана, не замыкацца перад знакамі часу, лічыць Святы Айцец. Каментуючы словы Езуса пра кніжнікаў, ён заклікаў вернікаў не чапляцца за свае ўласныя ідэі, але дазваляць Богу адкрываць для сябе Яго новыя рэчы. Старазапаветныя настаўнікі забыліся, што Бог ёсць не Богам закона, але Богам нечаканасцяў; і Ён даказваў гэта шматразова на працягу гісторыі. Варта разумець, адзначыў папа Францішак 13 кастрычніка 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, што “калі закон не вядзе да Езуса Хрыста, не набліжае нас да Яго – ён мёртвы”. Жыццё – гэта падарожжа да паўнаты ў Хрысце. На думку Святога Айца, у кантэксце слоў Езуса да кніжнікаў: “Пакаленне гэтае – нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны”, кожны павінен задумацца: “Ці я не прывязаны да сваіх уласных ідэй і зачынены на Божы план адносна мяне, на Яго нечаканасці? Ці я ў стане зразумець знакі часу і быць верным голасу Пана, які праяўляецца ў іх?”.

Паводле Святога Айца, хрысціянін павінен любіць Божы закон, але і быць адкрытым на “Божыя сюрпрызы”.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх