*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Не бойцеся святасці – менавіта яна дапамагае абнаўленню Касцёла, сказаў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі Шанштацкага руху, якая прайшла 25 кастрычніка 2014 г. у ватыканскай Зале Паўла VI з нагоды 100-годдзя аб’яднання. Абнаўленне касцёльных структураў важнае – але ў першую чаргу, павінны быць абноўлены сэрцы людзей, падкрэсліў Святы Айцец. У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 7500 чалавек з больш чым 50 краін свету – святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, сужэнскія пары і сем’і, таму што адным з галоўных накірункаў дзейнасці Шанштацкага руху, з’яўляецца душпастрыства сем’яў. Сям’я і сужэнства, сёння падвяргаюцца такім нападам, як ніколі раней; існуе сапраўдны крызіс сям’і, таму што яе бічуюць і наносяць ёй раны з усіх бакоў, - сказаў удзельнікам сустрэчы Пантыфік. Ён заўважыў, што сям’ёй сёння спрабуюць называць любыя саюзы, а само сужэнства зводзіцца многімі да простага абраду або сацыяльнага факту. “Тое, што сёння прапануецца – гэта не сужэнства, а асацыяцыя. Неабходна сказаць пра гэта вельмі ясна!”, - адзначыў Папа.

Перад абліччам існуючых праблем Францішак заклікаў да душпастырства, “страты часу” дзеля суправаджэння людзей. “Вялікім настаўнікам страты часу з’яўляецца Езус! Ён губляў час суправаджаючы, дапамагаючы сталенню сумлення, лечачы раны, навучаючы”, - сказаў Пантыфік і нагадаў пра асаблівую важнасць глыбокай перадсужэнскай катэхізацыі.

Панна Марыя павінна разглядацца, як прыклад добрай настаўніцы. “Шукаць веру не магчыма без дапамогі Марыі. Касцёл без Марыі – гэта прытулак для сіротаў”, сказаў Папа. Ён нагадаў таксама, што Касцёл расце дзякуючы сваёй прывабнасці, а не празелітызму, таму неабходна пераканаўчае сведчанне веры. Папа пажадаў, каб місійная дзейнасць вернікаў суправаджалася малітвай.

Марыйны апостальскі рух з Шанштата, быў заснаваны ў 1914 г. нямецкім святаром а. Ёзэфам Кантэніхам. У Беларусі, члены гэтага руху працуюць з 1990 г.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё




Фотаальбом: vk.cc/35Z6TS
 
Наверх