*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Хрысціянскае жыццё – гэта пастаянная барацьба, нагадаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 30 кастрычніка 2014 г. Пантыфік падкрэсліў, што сатана існуе і супрацьстаяць яму трэба з дапамогай “зброі”, якой з’яўляецца праўда, справядлівасць, вера і Божае слова. Апостал Павел, гаворачы пра хрысціянскае жыццё, карыстаўся вайсковай лексікай, заўважыў Папа, каментуючы ўрывак з літургічнага чытання. “Жыццё ў Богу неабходна бараніць, неабходна змагацца, каб яно развівалася”. Патрэбны сіла і мужнасць, каб “супрацьстаяць і абвяшчаць”. Духоўнае жыццё – гэта “не простае сутыкненне, а працяглае змаганне”, падкрэсліў ён. На думку Святога Айца, гавоўнымі ворагамі хрысціянскага жыцця з’яўляецца сатана, спакусы гэтага свету і цялесныя жарсці. Перад абліччам нападаў злога неабходна “прыняць усю зброю Божую”. “Нельга думаць пра духоўнае жыццё, хрысціянскае жыццё, без супрацьстаяння спакусам, без барацьбы супраць сатаны, без апранання гэтай зброі Божай, якая дае сілы і бароніць нас”, - адзначыў Францішак.

Паводле Папы, адной з сучасных праблем з’яўляецца нявер’е ў існаванне галоўнага ворага людзей – сатаны. “Гэта пакаленне – а таксама іншыя – прымусілі верыць у тое, што сатана – гэта міф, персанаж, ідэя, ідэя аб зле. Але сатана існуе і мы павінны змагацца з ім. Гэта кажа св. Павел, а не я! Слова Божае кажа пра гэта”, - адзначыў Пантыфік.

У барацьбе супраць злога, следам за апосталам Паўлам, Папа заклікаў падперазаць сцёгны праўдаю – таму што стана айцец хлусні; апрануцца ў панцыр справядлівасці – бо нельга быць хрысціянамі, не працуючы над сваёй справядлівасцю; узяць шчыт веры, шлем збаўлення і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
“Хрысціянскае жыццё – гэта барацьба, цудоўная барацьба, таму што калі Пан перамагае на кожным шляху нашага жыцця, дае нам радасць і вялікае шчасце”, - сказаў Францішак і заклікаў не апускаць рукі перад грахамі – заўсёды змагацца.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх