*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Сям’я сёння з’яўляецца дасканалай школай чалавецтва і яна неабходная справядліваму і салідарнаму грамадству. Гэта дазваляе нам зразумець важнасць прац ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, бо ўжо самое зграмаджанне вакол Біскупа Рыму – гэта здарэнне Божай ласкі, у якім праяўляецца калегіяльнасць біскупаў у працэсе духоўнага і душпастырскага распазнання, сказаў папа Францішак да ўдзельнікаў малітоўнага чування, якое прайшло на плошчы св. Пятра вечарам 4 кастрычніка 2014 г. Пантыфік адзначыў, што супольны пошук таго, чаго жадае сёння Пан для свайго Касцёла, патрабуе прыслухоўвацца патрэбам нашага часу і адчуць “пах” сучаснага чалавека, каб насыціцца яго радасцямі і надзеямі, смуткамі і трывогамі. “Тады мы зможам упэўнена абвяшчаць добрую навіну пра сям’ю”. – падкрэсліў Папа. Ён сказаў, што ў Евангеллі знаходзіцца ўсё тое, што з’яўляецца адказам на самыя глыбокія патрэбы чалавека.

Пантыфік папрасіў для сінадальных айцоў дараў Святога Духа: слухання Бога і яго народу; дару адкрытасці на шчырае і братэрскае абмеркаванне праблем і пастаўленне Езуса ў цэнтры прац Сінода. “Калі мы прыймем Яго спосаб дзеяння, жыцця і мыслення тады мы будзець чыніць усё тое, “што Ён скажа нам”, - адзначыў Святы Айцец.

Пры такім стаўленні мы зможам, па прыкладу св. Францішка, адбудаваць Касцёл і грамадства. “З радасцю Евангелля мы нанава знойдзем рытм прыміранага і міласэрнага Касцёла, убогага і сябра бедных; Касцёла здольнага пераадольваць з цярплівасцю і любоўю цяжкасці і нягоды, як унутраныя так і вонкавыя”, - сказаў Францішак. Пантыфік папрасіў, каб вецер Пяцідзесятніцы натхняў працы Сінода. “Няхай развяжа вузелы, якія перашкаджаюць людзям сустракацца, вылечыць крывацечныя раны, нанава запаліць надзею, якой пазбаўлены шматлікія людзі. Няхай абдарыць нас крэатыўнаю любоўю, якая дазваляе любіць так, як Езус любіў нас. Няхай нашае прапаведванне зноў атрымае жыццяздольнасць і дынамізм першых місіянераў Евангелля”, - завершыў папа Францішак.

Аўтар: Ян Мойсік

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё



Фотаальбом: vk.cc/32V1Dt
 
Наверх