*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Папа Францішак заклікаў вернікаў жыць паводле хрысціянскай ідэнтычнасці – без крывадушша і трымаючы ў руках “спадчыну вечнасці”, атрыманую ад Святога Духа. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 17 кастрычніка 2014 г. Пантыфік пахіліўся над словамі апостала Паўла пра пячатку Духа Святога – “задатак спадчыны”, якім эфесцы, былі ўзнагароджаны за сваю веру. Гэтым дарам, вернікі не проста становяцца выбранымі, але набываюць сапраўдную ідэнтычнасць. Святы Дух пазначае вернікаў хрысціянскай тоеснасцю, як пячаткай – дае ім сваю сілу. Але валоданне гэтым дарам не пазбаўляе хрысціян ад спакусаў і падзенняў. Першым з іх Пантыфік назваў пераўтварэнне ўласнай ідэнтычнасці ў “матавую”, незаўважную. Гэта, на яго думку, тычыцца цёплых хрысціян – тых, якія наведваюць нядзельную св. Імшу, але ў жыцці іх хрысціянская ідэнтычнасць нябачная. Здараецца, што такія вернікі жывуць увогуле як язычнікі, заўважыў Папа.

Іншая спакуса, якой паддаюцца хрысціяне – гэта крывадушша. Пантыфік падкрэсліў, што некаторыя вернікі выдаюць сябе за хрысціян, але не з’яўляюцца такімі; не з’яўляюцца празрыстымі – кажуць, што з’яўляюцца хрысціянамі, але не жывуць, як належыць веруючым у Хрыста.

Узгадваючы навучанне апостала Паўла, Пантыфік падкрэсліў, што жыццё паводле хрысціянскай ідэнтычнасці прыводзіць да іншых дароў, а менавіта:
любові, радасці, супакою, вялікадушша, добразычлівасці, дабрыні, вернасці, пакоры, стрыманасці. “Гэта наш шлях да Неба – гэта наша дарога, якая дае пачатак Небу ўжо тут”, - сказаў Папа і заклікаў быць уважлівымі да захавання дару Святога Духа – пячаткі хрысціянскай ідэнтычнасці.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх