*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Пасланне ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў да Божага народа паклікана даць новае натхненне і надзею, паказаць багацце, прыгажосць і ззянне сям’і. Яно скіравана да ўсіх сем’яў свету, але асаблівым чынам да хрысціянскіх. Дакумент быў прадстаўлены 18 кастрычніка 2014 г. кардыналам Джанфранка Равазі, старшынёй Папскай рады па культуры, і кіраўніком спецыяльнай камісіі, якая займалася яго падрыхтоўкай. У адрозненні ад папярэдніх падобных пасланняў, гэта – вельмі кароткае, напісанае простай, а часам сімвалічнай мовай. Асноўная канкрэтная інфармацыя аб працы асамблеі будзе змешчана ў справаздачы Сінода – “Relatio Sinodi” – дакуменце, зацвярджэнне якога запланавана на вечар 18 кастрычніка, удакладніў ватыканскі пурпурат. “Сужэнская любоў, адзіная і непарыўная, якая існуе нягледзячы на шматлікія цяжкасці, звязаныя з чалавечай абмежаванасцю – гэта адзін з самых прыгожых цудаў”, але таксама “найбольш супольных”, гаворыцца ў пасланні. Сінадальныя айцы выказалі падзяку за “вернасць, веру, надзею і любоў, якія сем’і даюць свету”.

Напачатку дакумента удзельнікі асамблеі засяродзіліся на складанай рэчаіснасці, у якой жывуць сем’і, выкліках і драматычных выпрабаваннях. Першы з іх – сужэнская вернасць, якой пагражаюць індывідуалізм, аслабленне веры, адсутнасць церпялівасці, прабачэння, узаемнага прымірэння, ахвярнасці. У выніку падзенняў нараджаюцца “новыя адносіны, новыя пары, новыя саюзы і новыя сужэнствы, што ствараюць складаныя і праблематычныя для хрысціянскага выбару сямейныя сітуацыі”, з жалем адзначылі сінадальныя айцы.

Сярод выклікаў, на якія вымушаны адказваць сем’і: цяжкасці, звязаныя з клопатам пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, хваробы, старасць, смерць блізкіх людзей, эканамічныя цяжкасці, выкліканыя “грашовым фетышызмам”. Сінадальныя айцы ўзгадалі пра праблемы бацькоў, пазбаўленых магчымасці працаваць – “бяссільных перад першаснымі патрэбамі сям’і”; пра праблемы моладзі, якая становіцца здабычай наркотыкаў ці крыміналу; пра драму бежанцаў, ахвяраў канфліктаў і рознага роду злоўжыванняў. У пасланні гучыць заклік, скіраваны да кіраўніцтва краін і міжнародных арганізацый, бараніць правы сем’яў.

У той жа час, у дакуменце ўзгадваецца пра “святло”, што ззяе ў шматлікіх сем’ях: досвед сустрэчы з узаемнай адкрытасцю, важнасць перыяду заручынаў і падрыхтоўкі да сужэнства, у якім прысутнічае “сексуальнасць, пяшчота, прыгажосць”. Сужэнская любоў распаўсюджваецца праз “плоднасць і нараджальнасць”, якія важна разумець не толькі ў пракрэатыўным сэнсе, але і як дараванне Боскага жыцця праз хрост, катэхізацыю і перадачу каштоўнасцяў.

На заканчэнне пасланне падкрэсліваецца важнасць супольнай малітвы ў сям’і, навучання веры і святасці, блізкасці да “апошніх, маргіналізаваных, бедных, самотных, хворых, чужынцаў”. У дакуменце адзначаецца, што ўдзельнікі “першага этапу сінадальнага шляху разважалі над душпастырскім суправаджэннем і магчымасцю прыступаць да сакрамэнтаў разведзеных, якія жывуць у новых саюзах”.


Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх