*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


“Калі Касцёл спыняецца і зачыняецца ў сабе – пачынае хварэць”, таму сёння трэба слухаць Святога Духа і быць адважнымі, каб ісці на “скрыжаванні свету”, сказаў папа Францішак, узгадваючы кс. Франсуа дэ Лаваль і сястру Марыю ад Уцелаўлення, двух святых, якія нарадзіўся ў Францыі ў ХVІІ ст. і былі місіянерамі ў Канадзе. Пасля абвяшчэння іх святымі, 3 красавіка 2014 г., Пантыфік пажадаў адправіць 12 кастрычніка 2014 г. св. Імшу падзякі ў базыліцы св. Пятра. Місіянеры з’яўляюцца тымі, хто мужна жыве Евангеллем, адзначыў Папа і дадаў, што евангелізацыя з’яўляецца па сутнасці абвяшчэннем любові, міласэрнасці і прабачэння Бога, паказаных чалавецтву праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Місіянеры, гэта тыя, хто звярнуў позірк на ўкрыжаванага Хрыста, прыняў Яго ласку і не замкнуўся ў сабе, сказаў Святы Айцец.

Памяць пра місіянераў важная для Касцёла, лічыць Францішак, паколькі падтрымлівае яго, калі адчуваецца недахоп у работніках Евангелля. Ён заклікаў прадстаўнікоў Касцёла ў Канадзе ўзрошчваць тое насенне, якое заклалі ў яго глебу святыя і даваць свету новых місіянераў. “Гэта тое, што сёння вы павінны прасіць для вашай краіны!”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што Квэбэк, дзе працавалі кс. Франсуа дэ Лаваль і сястра Марыя ад Уцелаўлення, павінен стаць зноў “крыніцай добрых і святых місіянераў”.

Пантыфік заклікаў вернікаў станавіцца місіянерамі Хрыста і сведчыць сваім сучаснікам штодня веру, пакору, лагоднасць і міласэрнасць, бо гэта тое, што “прынясе плён”.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё



Фотаальбом: vk.cc/339Jum
 
Наверх