*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Каб сям’я магла квітнець, павінна харчавацца Словам Божым - сказаў папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 5 кастрычніка 2014 г. Пантыфік падзякаваў членам ордэна паўлістаў, якія з нагоды сотавай гадавіны заснавання свайго ордэна раздавалі на плошчы св. Пятра Святое Пісанне. Спасылаючыся да пачатай Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў на тэму сям’і, Святы Айцец зрабіў заклік: каб Біблія была ў кожнай сям’і. “Сёння раніцай, цэлебрацыяй Эўхарыстыі ў базыліцы св. Пятра, мы адкрылі працы Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў. Сінадальныя айцы, якія прыбылі з усяго свету, разам са мной будуць перажываць два інтэнсіўныя тыдні слухання і дыялогу, якія будуць плённымі дзякуючы малітве, на тэму: “Душпастырскія выклікі звязаныя з сям’ёй ў кантэксце евангелізацыі”. Слова Божае, якое сёння чытаецца, гаворыць пра вобраз вінаградніка, як сімвала народа, які Пан сабе выбраў. Народ, так як вінаграднік, патрабуе шмат апекі, патрабуе цярплівай і вернай любові. Так як Бог робіць з намі, так і мы павінны рабіць як пастыры. Таксама клапат пра сям’ю, з’яўляецца адным з спосабаў працы ў вінаградніку Пана, каб прынёс ён плёны Божага Валадарства (Мц 21,33-43).

Але, каб сям’я магла з надзеяй і з упэўненасцю добра расці, яна павінна харчавацца Словам Божым. Таму добра склалася, што менавіта сёння нашы браты з ордэну айцоў Паўлістаў захацелі масава распаўсюджваць Біблію, тут на плошчы св. Пятра, як і ў многіх іншых месцах. Мы дзякуем нашым братам паўлістам. Яны робяць гэта з нагоды сотавай гадавіны свайго заснавання, бл. Джакамам Альбэрьёнэ, які быў вялікім апосталам камунікацыі. Таму сёння, калі адкрываюцца працы Сінода, прысвечанага сям’і, з дапамогай айцоў паўлістаў мы можам сказаць: Біблія ў кожнай сям’і! Не на тое, каб пакласці яе на паліцу, але каб трымаць яе пад рукой, каб чытаць яе часта, кожны дзень, як паасобку так разам, муж з жонкай, бацькі з дзецьмі, магчыма ўвечары, асабліва ў нядзелі. Такім чынам сям’я расце, пілігрымуе са святлом і сілай Божага Слова.

Я заклікаю ўсіх падтрымаць працы Сінода малітвай, просячы мацярынскага заступніцтва ў Панны Марыі. У гэты момант, мы духоўна аб’ядноўваемся з тымі, хто у санктуары ў Пампеі, традыцыйна ўзносяць “маленні” да Маці Божай Ружанца. Няхай яна выпрасць мір для сем’яў і ўсяго свету”, - сказаў Папа.

Пасля адгаварэння малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец нагадаў, што 4 кастрычніка 2014 г. у ЗША была далучана да ліку благаслаўлёных законніца Марыям Тэрэза Дзям’янавіч, з ордэну Сясцёр Міласэрнасці св. Альжбеты. Акрамя таго Пантыфік прывітаў пілігрымаў з Аўстраліі, а таксама з Германіі, якія на веласіпедах прыбылі ў Ватыкан, каб такім чынам ушанаваць св. Джанну Берэтту Молла,- “святую маці сям’і”.

Аўтар: Ян Мойсік

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх