*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Хрысціянскае жыццё не можа быць “касметычным” – яно павінна быць жыццём веры, якая грунтуецца на актыўнай дабрачыннасці, лічыць Святы Айцец. Вера – “гэта не проста прачытаць “Credo”, але адарвацца ад прагнасці і сквапнасці і даваць сябе іншым, асабліва бедным, сказаў Пантыфік 14 кастрычніка 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Вера не павінна дэманстравацца, яна павінна проста быць. Святы Айцец пракаментаваў фрагмент Евангелля, які апісвае прэтэнзіі фарысея да Езуса, што той не выконвае прадпісанае законам абмыццё перад ежай. “Езус асуджае гэту “касметычную духоўнасць”, добры вонкавы выгляд, прыгожы, але ўнутры на самой справе інакш”, - сказаў Папа і дадаў, што Хрыстус асуджае “людзей з добрымі манерамі, але шкоднымі звычкамі”, якія рэалізуюцца таемна.

Францішак нагадаў, што з сапраўднай верай заўсёды звязана свабода ад дыктатуры грошай, ідалапаклонства грошай, бо кожная прагнасць адводзіць нас ад Езуса Хрыста. Ён узгадаў эпізод з жыцця айца Арупэ, генеральнага настаяцеля езуітаў у шасцідзесятых-васьмідзесятых гадах прошлага стагоддзя. Аднойчы, вельмі багатая дама запрасіла яго, каб даць грошы для місій у Японіі. Уручэнне канверта адбывалася перад журналістамі і фатографамі. Святар апавядаў пазней, што перажыў у гэты момант вялікае прыніжэнне, але прыняў грошы, паколькі бедныя японцы іх патрабавалі. Калі праз некаторы час ён адкрыў канверт, там было дзесяць долараў.

Езус раіць нам даваць не толькі тое, што засталося або не патрэбна, адзначыў Пантыфік і нагадаў яшчэ раз, што сапраўдная вера заўсёды звязана з дабрачыннасцю.
==================================
Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх