*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***



Паставіць свае дары на службу ўсёй хрысціянскай супольнасці, заклікаў папа Францішак вернікаў 1 кастрычніка 2014 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Пантыфік нагадаў, што ад самага пачатку Пан адарыў Касцёл дарамі свайго Духа, зрабіўшы яго пастаянна жывым і плённым. Сярод гэтых дароў вылучаюцца некаторыя, якія з’яўляюцца найбольш каштоўнымі для будавання і актыўнасці хрысціянскай супольнасці – гаворка ідзе пра харызматы. Іх адметнасці і адзінству Святы Айцец прысвяціў сваю катэхезу. Францішак заўважыў, што часцей за ўсё пад словам “харызмат” разумееца пэўны талент, натуральная здольнасць. “У хрысціянскай перспектыве, аднак, харызмат, гэта не толькі асабістая якасць, схільнасць, якой можам быць адароныя. Харызмат – гэта ласка, дар, які паходзіць ад Бога Айца, праз дзейнасць Святога Духа. Гэта дар, які даецца асобе, не таму што яна лепшая за іншых ці яго заслугоўвае, гэта падарунак, які Бог дае, каб з такой жа бескарыслівасцю і любоўю ён мог быць пастаўлены на службу ўсёй супольнасці, для дабра ўсіх”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, без іншых людзей чалавек не можа зразумець наяўнасці ў сабе харызмату і яго рысаў. Напрыклад, асоба можа думаць, што цудоўна спявае, але важна, каб і іншыя так лічылі, заўважыў Папа. “У супольнасці распускаюцца і квітнеюць дары, якімі нас напаўняе Айцец. І ва ўлонні супольнасці можна навучыцца бачыць іх у якасці знаку Яго любові да сваіх дзяцей. Добра, калі б кожны з нас спытаў сябе: “Ці ёсць у мяне які-небудзь харызмат, дадзены Панам праз ласку Яго Духа, які браты ў хрысціянскай супольнасці распазналі і падтрымалі? Як я вяду сябе адносна гэтага дару: жыву ім са шчодрасцю, ставячы на службу ўсім, ці хаваю і забываюся пра яго? Ці, магчыма, ён становіцца для мяне крыніцай пыхі, прыводзіць да пастаяннага абурэння іншымі або прэтэнзій на тое, каб супольнасць рабіла ўсё па-мойму? Гэта пытанні, якія мы павінны задаваць сабе”, - сказаў Папа.

На думку Францішка, цудоўна адкрываць багацце дароў і харызматаў, якімі Бог напоўніў свой Касцёл. Гэта багацце не павінна быць праблемай, наадварот, лічыцца дарам, які дапамагае супольнасці станавіцца больш гарманічнай у веры і Божай любові, як адно цела – Цела Хрыста. Багацце дароў ніколі не павінна станавіцца прычынай для зайздрасці, падзелу ці сквапнасці, таму што ўсе дары важныя перад вачыма Божымі, і, у той жа час, кожны ўнікальны.

“Гэта значыць, што ў хрысціянскай супольнасці мы маем патрэбу адно ў адным, і кожны атрыманы дар спаўняецца ўпоўні, калі раздзяляецца з братамі, для дабра ўсіх. Гэта Касцёл! І калі Касцёл у адметнасці сваіх харызматаў выказваецца ў адзінстве – не можа памыляцца. Гэта прыгажосць і сіла “sensus fidei” – гэтага звышнатуральнага адчування веры, якое даецца Святым Духам, каб разам мы маглі ўвайсці ў сэрца Евангелля і навучыліся наследаваць Езуса ў нашым жыцці”, - сказаў Папа.

Папа Францішак нагадаў, што 1 кастрычніка Касцёл адзначае ўспамін св. Тэрызы ад Дзіцятка Езуса. Гэта святая жадала мець усе харызматы, але аднойчы на малітве пачула, што яе харызматам з’яўляецца любоў. “Гэты дар маем мы ўсе: здольнасць любіць”, - сказаў Папа і заклікаў у малітве да св. Тэрэзы прасіць аб дары любові да Касцёла і прыняцця ўсіх харызматаў, якімі Бог яго адарыў.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх