*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Удзельнікі агульнага кансісторыя, які адбыўся 20 кастрычніка 2014 г. у Ватыкане, звярнулі ўвагу на важнасць міру на Блізкім Усходзе, абароны рэлігійнай свабоды, падтрымкі мясцовай хрысціянскай супольнасці, выхавання новых пакаленняў, здольных весці дыялог, а таксама ролі міжнароднай супольнасці ў вырашэнні існуючых праблем рэгіёна. У сустрэчы прынялі ўдзел 86 кардыналаў і Патрыярхаў, а таксама некаторыя іншыя высокія іерархі Рымскай курыі. Каля траціны прысутных выступілі з прамовамі. У прыватнасці, з сітуацыяй на Блізкім Усходзе пазнаёмілі пастыры каталіцкіх супольнасцяў Іраку, Сірыі, Егіпта, Святой Зямлі, Іарданіі, Лівана.

Удзельнікі кансісторыя асудзілі выкарыстанне імя Бога для апраўдання насілля, падкрэслілі важнасць Іерусаліма як “сталіцы веры” трох монатэістычных рэлігій і неабходнасць спынення сірыйскага і палестына-ізраільскага канфліктаў. Папа і кардыналы звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам гарантаваць хрысціянскім бежанцам магчымасць хуткага вяртання ў свае дамы, стварэння “зон бяспекі”, напрыклад, у даліне Ніневіі, а таксама пажадалі, каб свет не забыўся пра выкрадзеных на Блізкім Усходзе людзей.

Падчас кансісторыя была ўстаноўлена дата кананізацыі бл. Джозэфа Ваза. Яе здзейсніць 14 студзеня 2015 г. папа Францішак, падчас свайго падарожжа ў Шры-Ланку.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх