*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Касцёл з’яўляецца знакам і прадвеснікам новага чалавецтва ў якім усе народы будуць жыць у братэрстве, салідарнасці і міры паміж сабой, адзначыў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 9 лістапада 2014 г. Пантыфік заклікаў вернікаў сведчыць уласнымі ўчынкамі і паводзінамі аб прыналежнасці да хрысціянскай веры і на падабенства Панны Марыі станавіцца “жывой святыняй” Божай любові. “Cёння літургія ўспамінае пра асвячэнне Латэранскай базылікі, якая з’яўляецца рымскай катэдрай і якую традыцыя акрэслівае як “маці ўсіх касцёлаў у Горадзе і Свеце”, – адзначыў Папа. – Паняцце “маці” адносіцца не столькі да сакральнага будынку базылікі, колькі да справы Святога Духа, якая ў гэтым будынку праяўляецца, становячыся плённай праз служэнне Біскупа Рыма, ва ўсіх супольнасцях, што прабываюць у еднасці з Касцёлам, які ён узначальвае.

Кожны раз, калі мы святкуем асвячэнне якога-небудзь касцёла, ўзгадваецца адна важная праўда: матэрыяльная святыня, пабудаваная з цэглы – гэта знак Касцёла жывога і дзейснага ў гісторыі, гэта значыць, той “духоўнай святыні”, у якой Хрыстус сам з’яўляецца “жывым каменем, адкінутым людзьмі, але выбраным Богам, каштоўным” (1 П 2,4-8), як казаў апостал Пётр. Езус, у Евангеллі сённяшняй літургіі, кажучы пра святыню, адкрыў ашаламляльную праўду: святыня Божая – гэта не толькі будынак узведзены з цэглы, але і Яго цела, якое складаецца з жывых камянёў. Праз сілу хросту, кожны хрысціянін, становіцца часткай гэтага “будоўлі Божай” (1 Кар 3,9) і больш за тое, Касцёлам Божым. Духоўны будынак, Касцёл супольнасці людзей, асвечаных крывёю Хрыста і Духам Уваскрослага Пана, патрабуе ад кожнага з нас быць адпаведнымі дару веры і ісці шляхам хрысціянскага сведчання. Гэта нялёгка – мы ведаем усе... Адпаведнасць жыцця паміж верай і сведчаннем: мы павінны ісці наперад і чыніць, у нашым жыцці, гэту штодзённую адпаведнасць. Хрысціян з’яўляецца такім не праз тое, што кажа, а праз тое, што робіць, праз свае паводзіны. Гэта адпаведнасць, якая нам дае жыццё, з’яўляецца ласкай Святога Духа, аб якой мы павінны прасіць.

Касцёл, ад самага пачатку свайго існавання і місіі ў свеце, быў нічым іншым, як супольнасцю пабудаванай для вызнання веры ў Езуса Хрыста, Сына Божага і Адкупіцеля чалавека – веры, якая дзейнічае праз любоў. Яны ідуць разам! Таксама і сёння Касцёл пакліканы быць у свеце супольнасцю, якая будучы ўкаранёнай ў Хрысце праз хрост, з пакорай і адвагай вызнае веру ў Яго, даючы сведчанне аб ёй праз любоў. Гэтай фундаментальнай мэце павінны быць падпарадкаваны ўсе інстытуцыянальныя элементы, структуры і душпастырскія органы – для гэтай фундаментальнай мэты: сведчання веры ў любові. Любоў – гэта выраз веры, але таксама і вера з’яўляецца тлумачэннем фундаменту любові.

Сённяшняе свята запрашае нас паразважаць над адзінствам усіх Касцёлаў, гэта значыць аб хрысціянскай супольнасці – па аналогіі яна нас стымуліруе дзейнічаць, каб чалавецтва магло пераадоліць бар’еры варожасці і недаверу і будаваць масты разумення і дыялогу, каб чыніць з усяго свету сям’ю народаў, прыміраных паміж сабой, братэрскіх і салідарных. Сам Касцёл з’яўляецца знакам і прадвеснікам гэтага новага чалавецтва, калі жыве і распаўсюджвае сваім сведчаннем Евангелле, пасланне надзеі і прымірэння паміж усімі людзьмі.

Папросім аб заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі, каб дапамагла ўсім стаць, як яна, “домам Божым”, жывой святыняй Яго любові”, - сказаў папа Францішак.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік выказаў падтрымку працаўнікам сферы сельскай гаспадаркі, а таксама заклікаў клапаціцца аб навакольным асяродзі, узгадваючы пра Дзень абароны ставарэння, які адзначаецца ў Рымскай дыяцэзіі.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх