*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Кожны хрысціянін павінен быць здольным прабачаць і ніколі не станавіцца крыніцай спакусы для іншых, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 10 лістапада 2014 г. У цэнтры ўвагі Пантыфіка былі моцныя словы Хрыста: “Немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго прыходзяць. Лепш было б таму, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора, чым калі б стаў ён прычынаю падзення аднога з гэтых малых” (Лк 17, 1-2). Адна з такіх спакусаў тычыцца антыхрысціянскага сведчання, мяркуе Папа. Нельга хадзіць у касцёл, называць сябе хрысціянінам, а жыць па-язычніцку. Вернікі, якія так паступаюць, становяцца крыніцай спакусы для іншых, таму, гледзячы на іх, многія кажуць, што лепш быць сумленнымі людзьмі, але сядзець дома, чым хадзіць у касцёл і затым рабіць шмат кепскага. Праз дрэннае сведчанне можна знішчыць веру ў іншых, сказаў Папа. Ён нагадаў пра заклік Хрыста да пільнасці – “зважайце на сябе” – бо крыніцай спакусы можа стаць кожны вернік.

Іншым важным патрабаваннем Езуса было прабачэнне, падкрэсліў Францішак ў сваёй гаміліі. “Мы павінны прабачаць, таму што былі прабачаны”, але гэта нельга зразумець чалавечай логікай, якая “вядзе да непрабачэння, помсты, нянавісці, падзелаў”, адзначыў Папа.

Каб жыць, не спакушаючы іншых і заўсёды прабачаючы, неабходна вера. Яна, аднак, не прыходзіць праз кнігі ці ўдзел у адмысловых канферэнцыях, але з’яўляецца дарам Божым, аб якім неабходна прасіць, як гэта рабілі апосталы: Пане, дадай нам веры, звярнуў увагу Францішак.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх