*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Мы павінны дзейнічаць у духу пакоры і гармоніі, не шукаючы сваіх уласных ​​інтарэсаў; суперніцтва і ганарыстасць – два “чарвякі”, якія аслабляюць Касцёл, адзначыў Папа 3 лістапада 2014 г. у гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Аналізуючы фрагмент паслання св. Паўла да Філіпянаў, Францішак адзначыў, што радасць біскупа палягае на тым, каб бачыць у сваім Касцёле любоў, адзінства і гармонію. Гэта гармонія – дар Святога Духа, але кожны павінен унесці ў яе нешта ад сябе. Вось чаму апостал Павел заклікае Філіпянаў “нічога не рабіць дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы”. Пантыфік з жалем адзначыў, што ў касцёльных установах можна знайсці суперніцтва і ганарыстасць, якія парушаюць гармонію, створаную Святым Духам. І лекам на гэта ёсць пакора. Прыкладам такой паставы з’яўляецца св. Марцін дэ Порэс, сціплы дамініканін, успамін якого 3 лістапада адзначае Касцёл.

“Гэта дрэнна, калі ў касцёльных установах, дыяцэзіях, парафіях ёсць людзі, якія шукаюць сваіх уласных інтарэсаў, а не служэння і любові”, - сказаў Папа. Ён заклікаў кожнага зрабіць рахунак сумлення і спытаць сябе, ці гармонія, любоў, аднадушнасць, згода, пакора прысутнічаюць у яго супольнасці? Шчыры адказ на гэта пытанне, на думку Францішка, магчыма, дапаможа знайсці штосьці, што варта палепшыць.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх