*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


На фундаментальную праўду хрысціянскай веры – еднасць святых – звярнуў увагу Пантыфік падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі” 1 лістапада 2014 г. ва ўрачыстасць Усіх Святых. “Першыя два дні лістапада з’яўляюцца для ўсіх нас інтэнсіўным момантам веры, малітвы і разважанняў аб “апошніх рэчах” жыцця. - нагадаў папа Францішак - Цэлебруючы ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамінаючы ўсіх памерлых вернікаў, Касцёл пілігрымуе па жывой зямлі і выяўляе ў літургіі духоўную сувязь, якая яго аб’ядноўвае з нябесным Касцёлам. Сёння мы дзякуем Богу за незлічонае мноства святых усіх узростаў, мужчын і жанчын, звычайных, простых, часам “апошніх” для ўсяго свету, але “першых” для Бога. У той жа час, наведваючы могілкі, мы ўзгадваем нашых блізкіх памерлых. Гэта крыніца вялікага суцяшэння, думаць, што яны знаходзяцца побач з Паннай Марыяй, апосталамі, мучанікамі і ўсімі святымі ў Небе!

Сённяшняя ўрачыстасць, такім чынам, дапамагае нам зразумець фундаментальную ісціну хрысціянскай веры, якую вызнаём у “Сімвале веры” – еднасць святых. Што азначае гэты выраз – еднасць святых? Гэта камунія, якая нараджаецца з веры і аб’ядноўвае ўсіх тых, хто належыць да Хрыста моцай хросту. Гэта духоўны саюз – мы ўсе аб’яднаныя паміж сабой – які не парушаецца з момантам смерці, але працягвае існаваць у іншым жыцці. На самой справе існуе непарыўная сувязь паміж намі, якія жывуць у гэтым свеце, і тымі, хто пераступіў парог смерці. Тут, на зямлі, разам з тымі, хто ўвайшоў у вечнасць, мы фарміруем адну вялікую сям’ю. Гаворка ідзе пра сапраўды сямейную сувязь.

Гэтыя прыгожыя зносіны, цудоўная камунія паміж Небам і зямлёй праяўляюцца ў форме больш высокай і інтэнсіўнай у літургіі, і асабліва ў Эўхарыстыі, якая з’яўляецца выразам і выкананнем самага глыбокага саюзу паміж членамі Касцёла. У Эўхарыстыі мы сустракаем жывога Езуса і яго сілу, і праз Яго мы ўваходзім у зносіны з нашымі братамі ў веры, тымі, хто жыве з намі тут, на зямлі, і тымі, хто апярэдзіў нас на шляху ў наступнае жыццё, жыццё бясконцае. Гэта рэальнасць напаўняе нас радасцю: цудоўна, калі ёсць так шмат братоў і сясцёр у веры, якія крочаць побач з намі, падтрымліваюць нас, і разам мы вандруем па той жа дарозе да Неба. І прыемна ведаць, што ёсць іншыя браты, якія ўжо дасягнулі неба, яны чакаюць нас і моляцца за нас, каб мы маглі разам у вечнасці сузіраць хвалебнае і міласэрнае аблічча Айца.

У вялікай супольнасці святых, Бог пажадаў заставіць першае месца Маці Езуса. Марыя знаходзіцца ў цэнтры еднасці святых, як вартаўнік унікальнай сувязі Паўсюднага Касцёла з Хрыстом, сувязі паміж членамі адной сям’і. Яна – Маці, наша Маці. Для тых, хто хоча ісці за Езусам па шляху Евангелля, яна з’яўляецца надзейным кіраўніком, бо яна – першая вычаніца Хрыста. Яна ўважлівая і клапатлівая Маці, якой можна даверыць кожнае жаданне і патрэбу.

Молімся разам да Каралевы Усіх Святых, каб яна дапамагла нам адказаць са шчодрасцю і вернасцю Богу, Які заклікае нас быць святымі, як Ён ёсць святы (пар. Лев 19, 2; Мц 5, 48)”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што сёння накіруецца на рымскія могілкі, каб цэлебраваць там св. Імшу ў інтэнцыі памерлых і духоўна аб’яднацца з усімі, хто моліцца за сваіх памерлых блізкіх.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх