*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***


Да сённяшняга дня працягваюць існаваць “хрысціяне-язычнікі”, які “паводзяць сябе як ворагі крыжа Хрыстовага”, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 7 лістапада 2014 г. У сваёй гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў быць уважлівымі перад спакусамі гэтага свету, які вядуць да падзення. Каментуючы літургічнае чытанне з Паслання да Філіпянаў, Святы Айцец заўважыў, што як ў евангельскія часы, так і сёння існуюць дзве групы вернікаў. І першыя і другія называюць сябе хрысціянамі і захоўваюць некаторыя падобныя рысы, але адныя з іх застаюцца такімі толькі паводле назвы. На самой справе яны жывуць, хутчэй, па-язычніцку. Францішак заклікаў быць уважлівымі, каб не пераўтварыцца ў такіх вернікаў: не стаць “пасрэднымі” і “цёплымі”. Такія хрысціяне, на яго думку, з’яўляюцца сапраўднымі ворагамі крыжа Хрыстовага і будуць “выплюнуты” з вуснаў Пана, паводле моцных словаў Апакаліпсіса св. Яна.

Францішак адзначыў, што “грамадзянствам” сапраўдных вернікаў з’яўляецца Неба, у той час як “хрысціян-язычнікаў” – гэты свет, з усімі яго спакусамі: пыхай, ганарыстасцю, любоўю да грошай. “Пафарбаваныя” хрысціяне кепска заканчваюць, таму што прывязанасць да скарбаў гэтага свету вядзе да падзення, папярэдзіў Папа.

Правільным і добрым шляхам, паводле Пантыфіка, з’яўляецца пошук Бога і любоў да Яго, пакора, сціпласць, служэнне іншым. Святы Айцец заклікаў вернікаў быць моцнымі ў Пану: не дазваляць сэрцу аслабець і саслізнуць у сапсаванасць.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
 
Наверх