*** Сябры! Шукаем рэдактараў і перакладчыкаў! Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на pope-franciscum@yandex.by ***

 

Ізноў, як штогод, мы адзначаем радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі дома ладзім ялінкі, купляем падарункі дзецям і спяшаемся да касцёла, каб у роздуме стаць каля ясляў, дзе знаходзіцца фігурка Немаўляткі Езуса. Менавіта гэтае маленькае Дзіця стала мацнейшым за магутных гэтага свету і адыграла непаўторную ролю ў жыцці чалавецтва, бо Яно – гэта доўгачаканы Збаўца.

Літургія сённяшняга свята заклікае нас паспяшыць у Бэтлеем, паспяшыць туды найперш у духоўным сэнсе. Гэта азначае адважыцца выйсці з нашых грэшных звычак і задавальненняў, каб звярнуцца да Бога, які прыйшоў да нас і нарэшце спаткацца з Ім.

Таму нам не дазволена заставацца абыякавымі і толькі чакаць. Нам неабходна знайсці месца Богу ў сваім сэрцы і сваёй душы! Ён схіляецца над грэшным чалавекам, стукае ў яго сэрца і просіцца, каб мы Яго ўпусцілі. Нездарма Святы Айцец Францішак у апостальскай адгартацыі «Evangelii gaudium» – «Радасць Евангелля» кажа, што Бог ніколі не стамляецца, прабачаючы нам (пар. EG 3).

Умілаваныя браты і сёстры!

Ад усяго сэрца віншуем ўсіх вас са святам Божага Нараджэння. Віншуем католікаў і тых хрысціян, якія разам з намі сёння яго адзначаюць. Віншуем праваслаўных братоў і сясцёр і жадаем ім падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы. Няхай прыклад Бога, які схіліўся на грэшным чалавецтвам і стукае ў нашы сэрцы, дапаможа нам у духу пакоры перамагчы нашу пыху і каб мы былі ўсе адзінымі ў Езусе Хрысце.

Радасных, шчаслівых, поўных Божай ласкі і прысутнасці Хрыста ў нашых сэрцах святаў і шчаслівага наступаючага Новага года.

Хрыстус нарадзіўся – Бог аб’явіўся! Ён стукае ў нашы сэрцы! Іх неабходна адчыніць!

З любоўю і самымі шчырымі віншаваннямі,
Галоўны рэдактар і супрацоўнікі
Беларускамоўнай інфармацыйнай рэдакцыі
“Папа Рымскі Францішак” 


 Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Францішак. Апостальская адгартацыя «Evangelii gaudium» (EG).
2. Пастырскі зварот Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне-2013

3. http://catholic.by/2/libr/docs/bishop-letters/120402--2013-.html
 
Наверх